Кандыдат Трампа на пасаду галоўнага камандзіра сілаў NATO ў Еўропе: Украіна можа перамагчы ў вайне з РФ
4- 24.06.2025, 21:16
- 6,662

Алексус Грынкевіч – нашчадак беларускіх эмігрантаў у ЗША.
Кандыдат прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на пасаду галоўнага камандзіра сіл NATO ў Еўропе генерал-лейтэнант Алексус Грынкевіч мяркуе, што Украіна можа перамагчы ў вайне з Расеяй.
Пра гэта ў аўторак, 24 чэрвеня, паведамляе выданне USA Today.
«Я думаю, што Украіна можа перамагчы», – заявіў Грынкевіч падчас слуханняў у Сенаце 24 чэрвеня.
Таксама, паводле ягоных словаў, украінцы змагаюцца з «упартасцю, якую амерыканцам цяжка сабе ўявіць».
Як паведамляў Charter97.org, прадзед генерала Ілля Грынкевіч нарадзіўся ў 1873 годзе ў Менску ў сям'і Стэпана (Стэфана) і Агаты Грынкевічаў. У 1899 году ён ступіў на амерыканскую зямлю, дзе стаў Elias Grinkevitch. Пазней прозвішча ў англамоўных дакументах пачало пісацца як Grynkewich.
7 кастрычніка 1906 года Эліяс Грынкевіч ажаніўся з 22-гадовай Настай Снігірэвіч (Anastasia Snigerevitch, 1884–1945) – нараджэнкай Вільні, дачкой Адама Снігірэвіча, якая трапіла ў Нью-Ёрк у 1901 годзе. У іх было чацвёра дзяцей. Адзін з іх, Нікалас Грынкевіч (Nicholas Grynkewich, 1915–1969), стаў дзедам генерал-лейтэнанта Алексуса Грынкевіча.
Дарэчы, бацька вайскоўца Грэгары Грынкевіч (Gregory Wayne Grynkewich, 1949–2012) быў вядомым навукоўцам: ён запатэнтаваў 14 вынаходак у сферы ўдасканалення прадукцыйнасці і вытворчасці паўправаднікоў.