У Забайкаллі на складзе боепрыпасаў прагрымела серыя магутных выбухаў
4- 25.06.2025, 14:36
- 5,908

Мясцовыя жыхары налічылі іх дзясяткі.
У РФ зноў прагрымелі выбухі на вайсковым аб'екце. Раніцай 25 чэрвеня ў Забайкаллі загарэўся склад боепрыпасаў. Са звестак відавочцаў, адбылося не менш як 50 выбухаў. Прычыны пажару афіцыйна называюць «натуральнымі», піша «Дыялог.UA».
Як паведамляюць расСМІ, раніцай 25 чэрвеня ў раёне воінскай часці каля вёскі Вялікай Туры Забайкальскага краю РФ адбыўся пажар на складзе боепрыпасаў.
Паводле афіцыйнай версіі, агонь успыхнуў праз ландшафтнае ўзгаранне: загарэлася сухая трава, пасля чаго пачалі дэтанаваць боепрыпасы.
Са слоў відавочцаў, прагрымела не менш за 50 выбухаў. Тэрыторыя вайсковага аб'екта была экстранна ачэпленая, мясцовых жыхароў заклікалі захоўваць асцярожнасць.
Да тушэння прыцягнутыя верталёты «Мі-8», а таксама задзейнічаная авіяцыя МНС, у гатоўнасці знаходзяцца пажарныя самалёты «Іл-76» і «Бе-200».
Інфармацыі аб пацярпелых на гэты момант не паступала. Варта адзначыць, што гэта не першы такі інцыдэнт: у 2014 годзе тут ужо адбываўся маштабны пажар, выкліканы лясным узгараннем. Тады ў выніку выбухаў загінулі 10 чалавек, пацярпелі дамы і мясцовая школа.
Вайна, якую развязала Расея, усё часцей абарочваецца і супраць саміх яе вайсковых аб'ектаў. Інцыдэнты на складах з боепрыпасамі становяцца рэгулярнымі і дэманструюць уразлівасць расейскай вайсковай інфраструктуры нават у глыбокім тыле.