ЗША вяртаюць ядзерную зброю ў Вялікую Брытанію
1- 25.06.2025, 15:03
- 4,348

Лондан закупіць 12 F-35A.
Вялікая Брытанія набывае 12 амерыканскіх знішчальнікаў F-35A, здольных несці тактычныя ядзерныя боегалоўкі, што адзначыць вяртанне ядзернай зброі ЗША на брытанскую тэрыторыю ўпершыню з 2008 года, піша Interesting Engineering (пераклад - сайт Charter97.org).
Аб гэтым абвясціў прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармер на саміце NATO ў Гаазе, падкрэсліўшы неабходнасць узмацнення абароны ў «эпоху радыкальнай нявызначанасці».
Самалёты будуць размяшчацца на авіябазе RAF Marham у Норфалку і інтэграваныя ў праграму NATO Dual-Capable Aircraft, якая прадугледжвае размяшчэнне амерыканскіх ядзерных узбраенняў у еўрапейскіх краінах пры захаванні кантролю за імі ў прэзідэнта ЗША.
Новыя F-35A змогуць несці бомбы B61-12 са зменнай магутнасцю да 50 кілатон — больш чым утрая больш магутныя за бомбу, скінутую на Хірасіму. Гэта дасць Брытаніі «стратэгічны ядзерны варыянт» на фоне напружанасці з Расеяй.
Апошнія амерыканскія ядзерныя боегалоўкі былі выведзеныя з Вялікай Брытаніі ў 2008 годзе. З 1998 года краіна спадзявалася выключна на падводны кампанент з ракетамі Trident.
Акрамя стратэгічных мэт, урад акцэнтаваў эканамічныя выгоды кантракту: больш за 20 000 працоўных месцаў і падтрымка 100 брытанскіх кампаній, нягледзячы на тое, што самалёты вырабляе Lockheed Martin у ЗША.
Стармер таксама паабяцаў давесці абаронныя выдаткі да 5% ВУП да 2035 года. Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ назваў пастанову «моцным унёскам Вялікай Брытаніі ў калектыўную бяспеку Альянсу».