Таемны ўдар па Іраку: невядомыя дроны прынізілі расейскія «Панцыры»
8- 25.06.2025, 15:14
- 11,816

Усе 24 дроны дасягнулі цэляў і напалі на іх, абышоўшы СПА расейскай вытворчасці.
У ноч на 24 чэрвеня Ірак зазнаў удары невядомых дронаў-камікадзэ, якія пацэлілі ў шэраг стратэгічных аб'ектаў у краіне, нягледзячы на наяўнасць 24 расейскіх зенітных ракетна-гарматных комплексаў «Панцыр-С1». Гэтыя сістэмы, якія складаюць аснову ірацкай СПА, выявіліся няздольнымі адбіць атаку.
Як паведамляе Defense Post, удары былі нанесеныя па радыёлакацыйных станцыях на вайсковай базе ў Таджы і на авіябазе «Імам Алі» паблізу Дзі-Кара. Адзін з дронаў упаў у непасрэднай блізкасці ад міжнароднага аэрапорта Багдада, дзе дыслакаваныя амерыканскія войскі, прыцягнутыя да барацьбы з ІДІЛ.
Найбольш трывожным з'яўляецца тое, што ірацкія сілы не змаглі нават выявіць месца запуску дронаў, а сярод папярэдніх версій адказнасці за атаку згадваюцца ЗША і Ізраіль. Важна, што гэты інцыдэнт стаў першым пасля 12-дзённага закрыцця паветранай прасторы Ірака праз канфлікт паміж Іранам і Ізраілем.
Расейскія «Панцыры», якія павінны былі абараніць стратэгічныя аб'екты, прадэманстравалі поўную неэфектыўнасць супраць сучасных БПЛА-камікадзэ, што кідае цень на іх баяздольнасць у сучасных умовах.
Defense Express піша, што гэты выпадак з'яўляецца сур'ёзным сігналам для краін, якія ўсё яшчэ спадзяюцца на расейскую СПА, бо нават пры наяўнасці паветранага кантролю і баявой гатоўнасці - вынік стаўся нулявым.
Паралельна Ірак ужо закантрактаваў новыя сістэмы СПА KM-SAM ад Паўднёвай Карэі – магчыма, як рэакцыю на абмежаваную эфектыўнасць расейскіх аналагаў.