Польшча адкажа на вучэнні «Захад-2025»
3- 25.06.2025, 16:00
- 6,276

Міністр абароны краіны анансаваў вучэнні «Жалезны абаронца».
NATO - саюз дзеля міру, але свет сам сябе не абароніць, таму краіны Паўночнаатлантычнага альянсу ўсё больш інвестуюць у абарону, распавёў журналістам міністр абароны Польшчы. І пакуль Беларусь і Расея плануюць вучэнні «Захад-2025», Польшча праводзіць свае вучэнні, каб паказаць сілу NATO, піша Белсат.
Міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш даў каментары журналістам падчас саміту NATO ў Гаазе. Адно з пытанняў тычылася расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2025», запланаваных на верасень.
Касіняк-Камыш распавёў, што Польшча рыхтуецца правесці ў верасні дывізіённыя вучэнні НАТА «Жалезны абаронца» («Żelazny Obrońca»). Ад Польшчы ў вучэннях возьме ўдзел 18-я механізаваная дывізія, будуць таксама прадстаўнікі Злучаных Штатаў, Турцыі, ва ўдзеле зацікаўленыя, паводле слоў міністра, Славаччына, Фінляндыя, Канада і іншыя.
Паводле міністра, ён загадаў правесці гэтыя вучэнні яшчэ ў пачатку года, каб прадэманстраваць моц NATO:
«Гэта Альянс дзеля міру, але свет сам сябе ніколі не абароніць, - кажа пра NATO Касіняк-Камыш. – Свабода патрабуе сілы, свет патрабуе сілы».
Раней паведамлялася, што гэтыя вучэнні задуманыя як адказ на «Захад-2025». На пытанне, ці так гэта, міністр адказаў станоўча:
«Так, гэта вучэнні, якія дэманструюць сілу польскага войска і нашага альянсу. Вядома, у той жа час расейскі бок праводзіць вучэнні на тэрыторыі Беларусі, таму варта выразна паказаць сілу Альянсу, сілу польскага войска, нашы дачыненні, уменні і магчымасці».
Вучэнні ў Беларусі нярэдка насцярожваюць суседнія краіны, бо Беларусь выступае суагрэсаркай у расейскім нападзе на Украіну. Поўнамаштабная вайна, якая пачалася ў 2022 годзе, у тым ліку стартавала з нападу з тэрыторыі Беларусі, дзе расейскія войскі нібыта знаходзіліся на вучэннях. Беларускія дэмакратычныя сілы папярэджвалі іншыя краіны, што кожныя магчымыя маштабныя вайсковыя вучэнні на тэрыторыі Беларусі і кожныя такія вучэнні Узброеных сіл Расеі на тэрыторыі Беларусі ствараюць і павялічваюць пагрозу суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.
Маштабныя беларуска-расейскія вучэнні «Захад-2025», запланаваныя на верасень, спачатку збіраліся правесці пад заходнімі межамі Беларусі. У канцы траўня Мінабароны Беларусі раптам паабяцала, што «асноўныя манеўры» супольных з Расеяй вайсковых вучэнняў «Захад-2025» адсунутыя ад межаў краін NATO ўглыб тэрыторыі Беларусі. Да таго ж «будуць зніжаныя параметры вучэнняў».
Міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі днём раней адзначыў у каментары «Белсату»: Польшча мае сігналы аб тым, што вучэнні «Захад-2025» нібыта перанесеныя далей ад польскай мяжы, але не ведае, наколькі гэта праўда. Ён дадаў: Уладзімір Пуцін «выявіўся даволі ўмелым тактыкам, які ведаў, як выкарыстоўваць памылкі Захаду, але дрэнным стратэгам, бо Расея плаціць вялізныя сумы за вайну, у якой не можа перамагчы».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказваў меркаванне, што Аляксандр Лукашэнка «баіцца, што мы ва Украіне будзем меркаваць, быццам прысутнасць кантынгенту на вучэннях - гэта падрыхтоўка да наступальных дзеянняў». Прэм'ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас заявіў, што беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні «Захад-2025» не нясуць дадатковых пагроз Літве, а выведвальныя службы NATO зараз не бачаць пагрозаў у гэтых вучэннях.
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ казаў «Белсату», што не баіцца нападу Расеі падчас гэтых вучэнняў ці пасля іх: «Наш Альянс настолькі моцны сёння, што калі Расея паспрабуе нешта зрабіць, яны ведаюць, што нашая рэакцыя будзе разбуральнай. Таму гэта будзе вельмі-вельмі неразумна з боку Уладзіміра Пуціна і ягонага памочніка ў Беларусі, у Менску, зрабіць нешта супраць нас».
NATO павялічвае выдаткі на абарону, Польшча - у авангардзе
Чакаецца, што на саміце дзяржавы NATO афіцыйна замацуюць новую мэту выдаткаў на абарону: 5% валавога ўнутранага прадукту ад краіны замест цяперашніх 2%. Папярэдне чальцы NATO дамовіліся на такую схему: да 2035 года давесці выдаткі да не менш як 3,5% ВУП непасрэдна на абарону і не менш як 1,5% ВУП на інвестыцыі, звязаныя з абарончай інфраструктурай і вытворчасцю.
Уладзіслаў Касіняк-Камыш пацвердзіў: ёсць згода, 5% ВУП на абарону будзе галоўнай пастановай саміту. Ён адзначыў, што змены ў стаўленні да выдаткаў на абарону ў Еўропе адбыліся ў пачатку гэтага года пад ціскам ЗША. Дзякуючы пазіцыі ЗША, «Еўропа прачнулася», перакананы Касіняк-Камыш. А дзякуючы старшынству Польшчы ў Радзе Еўразвяза, нагадаў міністр, Еўразвяз зацвердзіў павелічэнне сваіх абаронных выдаткаў на €150 млрд.
Не ўсе дзяржавы NATO выканалі дамову аб 2% ВУП на абарону летась - чакаецца, што выканаюць толькі цяпер. Польшча ж яшчэ ў 2014 годзе была блізкая да 2%, у 2023 годзе пастанавіла накіроўваць на абарону больш за 4% ВУП, летась выдала рэкордныя для NATO 4,12% - амаль $35 млрд, палову ўсяго ВУП Беларусі.
Міністр мяркуе, што ў Еўропы няма выбару, і цытуе Напалеона: «Дзяржава, якая не можа ўтрымліваць уласнае войска, будзе карміць чужое».
Касіняк-Камыш дадаў, што Польшча - трэцяе па велічыні войска NATO, мае звыш 200 000 жаўнераў актыўнага персаналу. Ён таксама расказаў пра важныя для Польшчы пастановы. Нарвегія накіруе самалёты F-35 для патрулявання польскага неба, бо фіксуюць усё больш парушэнняў паветранай прасторы над Балтыкай. Комплексы супрацьпаветранай абароны Patriot з Нямеччыны застануцца ў Польшчы, прынамсі, да канца года. Аўстралія абяцае накіраваць у Польшчу самалёт ранняга выяўлення AWACS. Усё гэта, паводле слоў міністра, звязанае з роляй Польшчы як краіны, без якой немагчымая перадача тэхнікі ва Украіну.
У адказ на «Захад» Польшча запланавала свае вучэнні, каб «дакладна паказаць сілу Альянсу»