Украіна атрымае сотні ракетаў для СПА
4- 25.06.2025, 19:43
- 4,498

За грошы ад расейскіх актываў.
Украіна атрымае ад Вялікай Брытаніі 350 сучасных ракетаў для сістэмаў супрацьпаветранай абароны. Ракеты будуць набытыя за сродкі, атрыманыя ад замарожаных расейскіх актываў.
Пра гэта заявіў міністр абароны Украіны Рустэм Умераў, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на міністэрства.
«Гэта стала магчымым дзякуючы праграме ERA, якая дазволіла задзейнічаць больш за 2 мільярды фунтаў за кошт прыбыткаў з адсоткаў замарожаных расейскіх актываў. Гэта важны механізм справядлівасці – калі краіна-агрэсарка плаціць за наступствы ўласнай вайны», – сказана ў паведамленні.
Ракеты будуць выкарыстоўваць спецыяльна распрацаваныя для патрэбаў Украіны зенітна-ракетныя комплексы. Неўзабаве яшчэ пяць такіх ЗРК будуць перададзеныя Узброеным сілам брытанскімі партнёрамі.
«Дзякуй ураду Вялікай Брытаніі, прэм'ер-міністру Кіру Стармеру, міністру абароны Джону Гілі і ўсім партнёрам, якія прадаўжаюць умацоўваць украінскую СПА і дапамагаюць абараняць жыцці нашых грамадзянаў», – дадаў Умераў.