Пуцін не наважыўся паляцець на саміт БРІКС у Бразілію праз пагрозу арышту
21- 25.06.2025, 20:03
- 11,924

У канцы 2023 года прэзідэнт Бразіліі адмовіўся гарантаваць бяспеку дыктатару РФ.
Уладзімір Пуцін пастанавіў не ехаць на саміт БРІКС у Бразілію праз пазіцыю краіны датычна ордара Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, паведаміў у сераду памочнік прэзідэнта РФ Юры Ушакоў.
Паводле ягоных словаў, на саміце, які запланаваны на 6–7 ліпеня, Расею будзе прадстаўляць кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў.
«Прэзідэнт будзе ўдзельнічаць у відэасувязі ў асноўных мерапрыемствах гэтага саміту. Гэта звязана з пэўнымі цяжкасцямі ў кантэксце патрабаванняў МКС, вы ведаеце, і менавіта ў гэтым кантэксце бразільскі ўрад не мог заняць выразную пазіцыю, якая дазволіла б нашаму прэзідэнту ўзяць удзел у гэтым пасяджэнні», – сказаў Ушакоў.
Бразілія падпісала Рымскі статут – базавы дакумент, на аснове якога працуе МКС, і павінна арыштаваць Пуціна ў выпадку візіту, як яшчэ больш за 120 краін свету. У канцы 2023 года прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва адмовіўся гарантаваць бяспеку Пуціну, які ў той момант разглядаў магчымасць візіту на саміт G20 у Рыа-дэ-Жанэйра.
«Калі Пуцін захоча далучыцца [да саміту], гэта будзе вызначаць судовая сістэма, а не мой урад», – казаў тады да Сілва.
У 2023 годзе праз пагрозу арышту паводле абвінавачання расейскага прэзідэнта ў дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею, Пуцін адмовіўся ад паездкі на саміт БРІКС у ПАР – таксама краіну-ўдзельніцу МКС. Тады ж Крэмль скасаваў візіты Пуціна ў Індыю на саміт ШАС (Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва) і ў Турцыю на перамовы з прэзідэнтам Рэджэпам Эрдаганам.
У 2025 годзе ПАР не будзе запрашаць Пуціна на саміт «дваццаткі», які пройдзе ў Ёханэсбургу 21–22 лістапада, папярэдзіў у канцы мінулага года афіцыйны прадстаўнік прэзідэнта рэспублікі Вінцэнт Магвенья. «Прававая сітуацыя не змянілася з саміту БРІКС у Ёханэсбургу. Мы ніяк не можам паўплываць на пастанову МКС», – сказаў ён.