13 лiпеня 2025, Нядзеля, 6:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Магілёўшчыне заўважылі ібіса

2
На Магілёўшчыне заўважылі ібіса
ФОТА ЯНІНЫ ДРАЧОВАЙ

Ці можа ён уладкавацца ў Беларусі?

У аграгарадку Бярозкі Хоцімскага раёна знайшлі каравайку – птушку з сямейства ібісавых, якая ў Беларусь наведваецца нячаста. Пра сустрэчу з рэдкай госцяй паведаміла на сваёй старонцы ў Instagram Хоцімская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Птушку ўбачыла інспектарка Яніна Драчова, яна ж паспела яе сфатаграфаваць.

ФОТА ЯНІНЫ ДРАЧОВАЙ

Каравайка гняздуе ў Вугоршчыне, паўднёвай Украіне, Сербіі, Малдове, Румыніі, Казахстане і расейскім Перадкаўказзі. Усюды строга ахоўваецца законам.

У Беларусі каравайкі з'яўляюцца залётнымі, могуць з'яўляцца тут у перыяд сезонных міграцый. Летась адну асобіну бачылі на Прыпяці ў ваколіцах Турава, і гэта была першая яе пацверджаная рэгістрацыя ў краіне з 2012 года. Сёлета каравайка забралася на поўнач, у Хоцімскі раён Магілёўскай вобласці, дзе яе бачылі з 16 да 18 чэрвеня.

Як расказаў «Смартпрэс» арнітолаг Аляксандр Вінчэўскі, у Беларусь гэтых ібісаў прыводзіць або «збіты компас», які прымушае адхіляцца ад звычайных маршрутаў, або «выведны сверб», які прысутнічае ў некаторых асобінаў жывёлаў.

– Дзякуючы такім даследнікам наземныя птушкі калісьці адкрылі для сябе выспы і засялілі іх, а іншыя віды проста пашырылі свой арэал на кантыненце, як вялікія белыя чаплі, напрыклад, – кажа эксперт.

Магчыма, хоцімская каравайка якраз такі выведнік. Праўда, наўрад ці яна вернецца да сваіх суродзічаў, патэнцыйных перасяленцаў у Беларусь, з добрымі навінамі. Бо сёлета лета ў краіне пакуль халоднае і дажджлівае.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках