Як прайшоў саміт NATO і што атрымала Украіна
4- 25.06.2025, 20:25
- 22,344

Ёсць шэраг пазітыўных момантаў.
У Гаазе адбыўся чарговы саміт NATO з удзелам прэзідэнтаў Украіны і ЗША – Дональда Трампа і Уладзіміра Зяленскага.
Чым закончыліся перамовы ў рамках альянсу і якія вынікі сустрэчы лідараў Украіны і ЗША – у матэрыяле РБК-Украіна.
Звычайна саміты NATO рыхтуюцца шмат месяцаў – трэба адпрацаваць змены ў палітыцы альянсу і ўзгадніць іх з усімі краінамі-ўдзельніцамі. Аднак на гэты раз арганізатарам давялося ўсё мяняць практычна ў апошні момант.
Яшчэ месяц таму былі спадзяванні, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп такі дацісне Пуціна наконт спынення вайны. У Еўропе гэтага чакалі і былі гатовыя даслаць ва Украіну кантынгент. Хоць ён павінен быў бы грунтавацца не на структурах NATO, аднак альянс быў бы дакладна задзейнічаны апасродкавана. Але перамоўны працэс затармазіўся, а з ім і еўрапейская ініцыятыва.
Трамп выяўляе мала цікавасці да еўрапейскіх справаў. Больш за тое, ён не хацеў бы размаўляць з еўрапейцамі пра заканчэнне расейска-ўкраінскай вайны, ведаючы, што яго зноў будуць угаворваць. Гэта выразна было відаць падчас нядаўняга саміту «Вялікай сямёркі» ў Канадзе. Прэзідэнт ЗША датэрмінова яго пакінуў, чаму, сярод іншага, сарвалася сустрэча з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
На саміце NATO ўзялі да ўвагі ўрокі Канады і спецыяльна для прэзідэнта ЗША скарацілі само мерапрыемства, а таксама заяву паводле яго вынікаў. Акрамя таго, стаўленне да прэзідэнта ЗША як да ключавога госця саміту было відаць няўзброеным вокам.
«У Трампа асаблівыя падыходы, асаблівая візія і, я думаю, да гэтага ўжо ўсе прывыклі. Але было важна ўтрымаць гэты дыялог "на адной ноце". Умоўна кажучы, еўрапейцы забяспечылі добрае надвор'е для Трампа. Ягоны псіхаэмацыйны стан і ўспрыманне ўсяго, што адбываецца, былі пазітыўнымі», – адзначыў у каментары кандыдат палітычных навук, кіраўнік грамадскай Лігі «Украіна-NATO» Сяргей Джэрдж.
Кароткая заява з пазітывам
Замест вялізнай пазіцыі паводле цэлага шэрагу міжнародных праблемаў выніковая заява саміту змяшчае ўсяго 5 абзацаў. Галоўнае ў ёй – да 2035 года краіны NATO абяцаюць штогод вылучаць 5% ад свайго ВУП на абарону і бяспеку. З іх 3,5 адсотка – фінансаванне ўзброеных сілаў, а 1,5 адсотка – інфраструктурныя праекты, звязаныя з бяспекай: будаўніцтва транспартных шляхоў, фінансаванне абаронных вытворчасцяў і да таго падобнае.
Гэта адна з навацый, якіх даўно дамагаўся Трамп ад еўрапейскіх чальцоў NATO. Але ж такога паказніка плануецца дасягнуць толькі цягам 10 гадоў, што з'яўляецца істотным кампрамісам. Краіны-ўдзельніцы будуць уключаць сваю вайсковую дапамогу Украіне ў падлік уласных выдаткаў на абарону.
«Тут мы бачым агульную пазіцыю Еўропы і Злучаных Штатаў. Калі паступова ў краінах NATO пачнуць расці гэтыя выдаткі на ўласныя ўзброеныя сілы, адпаведна Еўропа ўмацуе свае пазіцыі. А паралельна, разам з гэтым працэсам, будзе ўмацоўвацца дапамога Украіне – будзе вытворчасць зброі, будзе вытворчасць боепрыпасаў і, адпаведна, будзе той ваенны рэсурс, які будзе дапамагаць узброеным сілам Украіны», – падкрэсліў Джэрдж.
Акрамя таго, відавочным пазітывам з'яўляецца ўключэнне дапамогі Украіне ў агульныя абаронныя выдаткі – у адваротным выпадку краіны-ўдзельніцы павінны былі б шукаць дадатковыя сродкі на абарону і асобна дапамагаць Кіеву.
Змешаныя мэсэджы саміту
Палітычныя сігналы для Украіны таксама «з плюсам», але ёсць нюансы. У выніковай заяве Расея прызнаная як доўгатэрміновая пагроза для ўсёй еўраатлантычнай прасторы, у тым ліку для ЗША. Аднак тут размова ідзе наконт прадаўжэння лініі, якая замацаваная ў Стратэгічнай канцэпцыі NATO, зацверджанай яшчэ ў 2022 годзе, нагадаў Сяргей Джэрдж.
Пра перспектывы ўступлення Украіны ў альянс у выніковым дакуменце гаворкі не ідзе, і гэта яшчэ адзін кампраміс з Трампам і некаторымі іншымі скептыкамі. Аднак Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ заявіў, што шлях Украіны да сяброўства ў альянсе застаецца незваротным, а краіны-ўдзельніцы прадоўжаць падтрымліваць Кіеў на гэтым шляху.
«Мы стаім з Украінай у яе імкненні да міру і будзем прадаўжаць падтрымліваць яе на незваротным шляху да сяброўства ў NATO. Лідары пагадзіліся сёння наконт траекторыі, якая забяспечыць, каб мы змаглі гарантаваць сваю свабоду і бяспеку на доўгія-доўгія гады», – заявіў Рутэ.
Відавочна, у гэтым плане застаецца ў сіле заява з леташняга саміту – «будучыня Украіны – у NATO», а яе шлях да сяброўства з'яўляецца «незваротным».
Таксама прынцыпова важна, што лідары NATO пацвердзілі непахісную прыхільнасць калектыўнай абароне, замацаванай у артыкуле 5 Вашынгтонскай дамовы. Яна прадугледжвае, што напад на аднаго з чальцоў альянсу з'яўляецца нападам на ўсіх. Гэты пункт важны, беручы да ўвагі рэгулярныя здагадкі Трампа, што ён можа не абараняць тых чальцоў NATO, якія мала выдаткоўваюць на абарону.
Зяленскі – Трамп – новая сустрэча
Дадатковым бонусам для Кіева стала сустрэча прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з Трампам на палях саміту. Яна прайшла ва ўмовах, калі перамоўны працэс пра заканчэнне расейска-ўкраінскай вайны фактычна спыніўся, а прэзідэнт ЗША адмаўляецца ціснуць на РФ. Акрамя таго, існуе цэлы шэраг двухбаковых ўкраінска-амерыканскіх пытанняў – ад магчымасці набываць у ЗША зброю (за сродкі Еўропы) да пагаднення рэалізацыі пагаднення аб карысных выкапняў.
Каментары з абодвух бакоў хутчэй станоўчыя. «Гаварылі пра тое, як дасягнуць спынення агню і сапраўднага міру. Гаварылі пра тое, як абараніць нашых людзей. Шануем увагу і гатоўнасць дапамагаць набліжэнню міру», – напісаў Зяленскі пасля сустрэчы.
Ад прэзідэнта ЗША таксама прагучала мала канкрэтыкі. На пытанне журналіста, ці абмяркоўваў ён з Зяленскім спыненне вайны ва Украіне, Трамп адказаў: «Не, я толькі хацеў пацікавіцца ягонымі справамі. У нас былі цяжкія часы, але ён быў вельмі мілы. Ён не мог быць нават больш мілым, чым ён быў. І вельмі быў рады яго бачыць. Гэта была цудоўная сустрэча. І я думаю, што гэта цудоўны час, каб спыніць вайну», – заявіў Трамп, і дадаў, што зноў паспрабуе пагаварыць Пуціным.
Як паказвае практыка, вынікі такіх размоваў не абавязкова азначаюць прагрэс у перамовах. Літаральна напярэдадні саміту Трамп «скончыў» вайну паміж Ізраілем і Іранам. Хоць на Блізкім Усходзе ўсё яшчэ далёка не закончылася, гэтыя падзеі сведчаць, што прэзідэнт ЗША пры жаданні можа дзейнічаць жорстка, нават насуперак звесткам сваёй выведкі і інтарэсам хаўруснікаў. У гэтых умовах Еўропе і Украіне рознымі спосабамі застаецца накіроўваць энэргію Трамп ў правільнае рэчышча, хоць гэта не заўсёды атрымліваецца. Але саміт NATO ў гэтым плане з'яўляецца хутчэй удалым.