Мерц заклікаў Трампа ўзмацніць жорсткасць санкцый ЗША супраць Расеі
3- 25.06.2025, 20:56
- 1,824

ЗША могуць увесці санкцыі супраць такіх краінаў, як Кітай і Індыя, якія набываюць расейскую нафту і газ.
Канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц на палях саміту NATO ў Гаазе заклікаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адкрыць шлях для ўвядзення амерыканскіх санкцый супраць Расеі. «Я зноў выказаў яму нашу настойлівую просьбу – у святле сітуацыі ва Украіне – каб і амерыканскі бок далучыўся да новых санкцый супраць Расеі. Ваеннага выйсця з гэтага канфлікту не існуе. Мы павінны ўзмацніць эканамічны ціск на Маскву», – заявіў Мерц у Гаазе ў сераду, 25 чэрвеня.
Паводле словаў нямецкага канцлера, Еўразвяз канчаткова зацвердзіць 18-ы пакет санкцый супраць Расеі 26 чэрвеня, але гэтага недастаткова. Ён падкрэсліў, што неабходны актыўны ўдзел ЗША, бо толькі яны могуць увесці санкцыі супраць такіх краінаў, як Кітай і Індыя, якія набываюць расейскую нафту і газ. «У мяне склалася ўражанне, што Трамп сур'ёзна разважае над тым, што ён можа зрабіць», – сказаў Мерц. Ён выказаў меркаванне, што прэзідэнт ЗША ў святле сітуацыі ў Іране павінен «скарыстацца гэтым момантам» у гандлёва-палітычнай сферы.
Мерц адпрэчыў меркаванне, што саміт NATO не дапамог Украіне. Пытанне пра ўдзел Украіны ў альянсе ўвогуле не стаяла на парадку дня, указаў ён, дадаўшы, што абяцанні дапамогі Украіне з боку краінаў NATO і іншых дзяржаваў былі значнымі.
Фрыдрых Мерц таксама перасцярог Расею ад нападу на краіны NATO. «Найлепш нікому не адважвацца нападаць на NATO – ні ў якім месцы», – заявіў журналістам у Гаазе. Ён паведаміў, што агучыў гэты пункт гледжання і партнёрам у альянсе падчас саміту. Паводле словаў Мерца, Расея недастаткова моцная, каб атакаваць NATO ў цэлым, «але мы не ведаем, ці не паспрабуе яна ў адзін цудоўны дзень пратэставаць нашу абароназдольнасць».
Раней канцлер назваў саміт NATO ў Гаазе «гістарычным». Паводле дыпламатычных крыніцаў, Мерц сказаў партнёрам у альянсе, што Расея ўвесь час выпрабоўвае Паўночнаатлантычны альянс на трываласць.