Сасновіч пазмагаецца за выхад у аснову «Уімблдона» з крыўдзіцелькай іншай беларускі
- 25.06.2025, 21:03
- 1,902

Беларуская тэнісістка паспяхова пераадолела два стартавыя раўнды кваліфікацыі.
Аляксандра Сасновіч паспяхова пераадолела два стартавыя раўнды кваліфікацыі Уімблдонскага турніру і цяпер за крок ад выхаду ў асноўную сетку.
На другім этапе трэцяя ракетка краіны ўпэўнена падолела расейку Аксану Селехмецьеву – 6:2, 6:3.
Раней беларуская каманда панесла страты: на першым коле кваліфікацыі турнір пакінула Крысціна Дзмітрук, а ў другім выбыла Ірына Шымановіч. Апошняя саступіла латвійцы Дар'і Семяністай – 4:6, 2:6. Беларуска не здолела аднавіцца пасля знясільнага папярэдняга паядынку і не справілася з больш рэйтынгавай спаборніцай.
Цікава, што менавіта Семяністая можа выбіць з дужання Сасновіч. У выпадку перамогі ў наступным матчы латвійка стане перашкодай на шляху ў аснову яшчэ адной прадстаўніцы Беларусі.
Прызавы фонд Уімблдона сёлета складае больш за $72 млн. У асноўнай сетцы турніру ўжо заяўленыя Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка.