Зяленскі сустрэўся з лідарамі краінаў фармату Е5 і генсекам NATO
- 25.06.2025, 21:10
- 1,722

Абмеркавалі ўзмацненне СПА і ціск на РФ.
У час саміту NATO прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся з лідарамі краінаў фармату E5 – Нямеччыны, Францыі, Вялікай Брытаніі, Італіі, Польшчы, а таксама з генеральным сакратаром NATO Маркам Рутэ.
Пра гэта кіраўнік дзяржавы паведаміў у сераду, 25 чэрвеня, у Telegram.
Паводле ягоных словаў, асноўную ўвагу ў час перамоваў аддалі ўзмацненню паветранай абароны Украіны. Сярод іншага, гаворка ішла пра пастаўкі сістэмаў СПА і сродкаў перахопу дронаў тыпу Shahed.
Асобна лідары абмеркавалі ўзмацненне санкцыйнага ціску на Расею. Зяленскі адзначыў, што РФ прадаўжае актыўныя наступальныя дзеянні і не дэманструе намераў спыніць вайну.
Менавіта таму, паводле ягоных словаў, неабходна працаваць у энэргетычным і банкаўскім сектарах РФ, супраць ценевага флоту і ўводзіць другасныя санкцыі.
«Важная падтрымка нашага народа, нашых ваяроў – сапраўды гераічных людзей. Супрацьпаветраная абарона, навучальныя місіі з рэактыўнымі самалётамі і новыя пакеты дапамогі – дзякуй», – напісаў прэзідэнт.
24–25 чэрвеня ў Гаазе праходзіць саміт лідараў краінаў NATO – першы пад кіраўніцтвам Марка Рутэ, новага генеральнага сакратара Альянсу і экс-прэм'ера Нідэрландаў. Галоўнай тэмай, як меркавалі СМІ, верагодна, стала сітуацыя на Блізкім Усходзе.