«Мядзведзеў перагуляў сам сябе»
4- 26.06.2025, 9:34
- 6,790

Дыпламат растлумачыў, як Крэмль зачапіў Трампа і ці могуць ЗША ўжыць формулу «мір праз сілу».
Пасля бамбавання ядзерных аб'ектаў у Іране прэзідэнт ЗША Дональд Трамп можа выкарыстаць такі падыход да расейска-ўкраінскай вайны. Гэта не азначае, што амерыканцы пачнуць бамбаваць РФ, але Белы дом можа паспрабаваць выкарыстаць сваю формулу «мір праз сілу».
Больш за тое, Трамп нядаўна быў абураны пагрозамі, якія зыходзілі з Крамля. Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв'ю OBOZ.UA заявіў украінскі дыпламат і палітык Раман Бяссмертны.
З яго слоў, кейс з бамбаваннем Ірана намякае на тое, што Трамп можа выкарыстаць ультыматыўны падыход да Расеі. Дарэчы, амерыканскі прэзідэнт ужо паказаў жорсткую рэакцыю на пагрозы намесніка старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева.
«Дарэчы, яго закранула фраза Мядзведзева аб магчымай перадачы Расеяй тэхналогій для аднаўлення іранскай ядзернай праграмы. Здавалася б, хто такі Мядзведзеў для Трампа? Меланхалічная нікчэмнасць. Але гэтая рэпліка яго закранула. Гэта ягоны трыгер. І Уладзімір Зяленскі выдатна гэта зразумеў. У Гаазе, на сустрэчы са зброевымі вытворцамі, ён проста сказаў: звярніце ўвагу, як Крэмль адрэагаваў на ўдары - не пратэстам, а новымі амбіцыямі. І гэта быў правільны націск на правільную кнопку», – патлумачыў Бяссмертны.
У той жа час дыпламат дадаў, што Трамп разумее нікчэмную ролю Мядзведзева і павінен ціснуць менавіта на дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна. Пры гэтым прэзідэнт Злучаных Штатаў публічна зафіксаваў кропку сілы.
«Крэмль у гэтай гульні ў падлабуньванні перагуляў сам сябе. Бо, прызнаючы Пуціна «босам», Трамп публічна фіксуе кропку сілы. А вось менавіта на кропку сілы і трэба ціснуць. І гэта дарога да Дональда Трампа», – заявіў Бяссмертны.
Нагадаем, Трамп з абурэннем адрэагаваў на ядзерныя пагрозы Мядзведзева і нагадаў аб самай магутнай зброі ЗША. У сваёй нататцы кіраўнік Белага дома паставіў пад сумнеў адэкватнасць такой рыторыкі расейскага палітыка.