Расея пабудавала для КНДР эсмінцы, якія не могуць плаваць
9- 26.06.2025, 10:27
- 8,700

Яны перасоўваюцца з дапамогай буксіраў.
Вайсковае супрацоўніцтва паміж Уладзімірам Пуціным і лідарам КНДР Кім Чэн Ынам, які пастаўляе яму боепрыпасы для абстрэлу Украіны, хутка пашыраецца. Расея, відавочна, дапамагла Паўночнай Карэі распрацаваць і хутка пабудаваць два эсмінцы, якія былі спушчаныя на ваду гэтай вясной. Праўда, хаця яны могуць страляць, не факт, што яны здольныя самастойна плаваць.
У траўні міжнародную ўвагу прыцягнуў няўдалы спуск на ваду эскадранага мінаносца класа Choe Hyon, які перавярнуўся на вачах прысутнага на цырымоніі Кіма (карабель паднялі ўжо ў пачатку чэрвеня). А ў красавіку быў паспяхова спушчаны на ваду першы такі эсмінец. Гэта самыя сучасныя вайсковыя караблі Паўночнай Карэі, з вялікім наборам функцый і ўзбраенняў, у тым ліку ракет. Яны былі пабудаваныя ўсяго за год, і гэта немагчыма было зрабіць без старонняй дапамогі, распавядае ў відэарэпартажы The Wall Street Journal.
Пэўныя элементы дызайну новых эсмінцаў выразна паказваюць на значную ступень удзелу Расеі ў іх распрацоўцы, растлумачыў Майк Планкет, старэйшы марскі эксперт вайскова-аналітычнай кампаніі Janes. Гэта бачна, напрыклад, пры параўнанні карэйскіх караблёў з эскадранымі мінаносцамі праекта 11356, таксама вядомымі як фрэгаты класа «Адмірал Грыгаровіч». У іх аднолькавыя карма і нос. «Красавіцкі» эсмінец таксама выдае скула (лінія скрыжавання борта з корпусам) - яна абсалютна аднолькавая ў расейскага і карэйскага караблёў, паказвае Планкет.
Некаторыя змены таксама паказваюць на ўдзел расейскіх інжынераў, бо без іх дапамогі карэйцы не змаглі б надтачыць свой карабель (ён на 20 м даўжэйшы), каб «нашпігаваць» яго вялікай колькасцю ўзбраенняў, кажа эксперт. Акрамя таго, на распаўсюджаных карэйскай тэлевізіяй здымках карабля відаць, што на ім усталяваны «Панцыр-М» - расейскі зенітны ракетна-артылерыйскі комплекс з ракетамі малога радыусу дзеяння. Гэта першы выпадак, калі «Панцыр-М» з'явіўся не на расейскім караблі.
Кім у 2023 годзе наведваў базу расейскага флоту ва Уладзівастоку. І ўжо праз 1,5 гады першы паўночнакарэйскі эсмінец быў урачыста спушчаны на ваду. Пхеньян заявіў, што ён быў пабудаваны прыкладна за 400 дзён (блізу 13 месяцаў). Гэта хутчэй, чым будуюць такія караблі іншыя вядучыя вайсковыя дзяржавы. У Кітая на гэта звычайна сыходзіць 18 месяцаў, у ЗША - блізу двух гадоў, у Расеі гэта можа займаць да 11 гадоў.
Рэкордныя тэрміны будаўніцтва выклікаюць сумнеў у экспертаў. Планкет мяркуе, што карэйская эсмінцы могуць быць пакуль не абсталяваныя рухавікамі. На гэта паказвае, напрыклад, тое, што ўсе вентыляцыйныя адтуліны, праз якія паветра павінна пранікаць у машыннае аддзяленне для астуджэння рухавікоў і іншага абсталявання, закрытыя металічнымі пласцінамі.
Акрамя таго, эсмінцы на публічных відэа перасоўваюцца толькі з дапамогай буксіраў (хоць ужо дэманструюць запускі ракет). Нарэшце, у красавіцкага карабля вельмі высокая пасадка. Вядома, ён не загружаны ракетамі, набоямі і іншымі неабходнымі запасамі, але нават з улікам гэтага вада значна ніжэй пазначанай ватэрлініі, паказвае Планкет.