Еўракамісар па абароне прапанаваў стварыць войска дронаў для адпору Пуціну
- 26.06.2025, 10:45
- 1,384

Фота: 15min.lt
Андрус Кубілюс спаслаўся на прыклад Украіны і Літвы.
Вайсковая выведка прагназуе напад Расеі на хаўруснікаў NATO ў найбліжэйшыя пяць гадоў. Еўразвяз можа сутыкнуцца з мільёнамі дронаў.
Пра гэта сказаў камісар ЕЗ па абароне і космасе Андрус Кубілюс, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на яго інтэрв'ю Sky News.
Пагроза з боку Расеі
«У Расеі можа быць блізу 5 мільёнаў беспілотнікаў, таму нам патрэбныя магчымасці, якія перавышаюць гэтыя, каб атрымаць перамогу», - сказаў ён.
Кубілюс папярэдзіў, што калі Уладзімір Пуцін аддасць загад аб нападзе, Еўропа сутыкнецца з «правераным у баях» расейскім войскам, здольнам выкарыстоўваць «мільёны беспілотнікаў».
Досвед Украіны
З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне беспілотнікі сталі ключавой зброяй. Украінскія падраздзяленні дронаў адказваюць за 80% страт расейскай тэхнікі і жывой сілы на перадавой.
У «даліне смерці» на лініі фронту даўжынёй 1 200 км дроны кантралююць усе перамяшчэнні. Танк у гэтай зоне выжывае не больш за шэсць хвілін пад агнём з беспілотнікаў.
Прыклад Літвы
Літва, якая мяжуе з Расеяй і Беларуссю на 900 км, разлічвае на 3 мільёны дронаў у першы год канфлікту. Гэтая лічба выведзеная з разліку ўкраінскіх 4 мільёнаў на менш працяглую лінію фронту.
Такая маштабная замова дазволіць хутка стварыць шчыльную «дронавую» заслону. Еўракамісар намагае: Еўропа павінна мець аналагічныя рэзервы, каб не стаць не гатовай да «Дня X».
Падрыхтоўка Еўразвязу
Вырабляць мільёны дронаў загадзя бессэнсоўна - яны састарэюць у лічаныя месяцы. Замест гэтага Еўропа павінна інвеставаць у падрыхтоўку кадраў: аператараў, інжынераў і мэнэджараў вытворчасці.
Не менш важна развіваць вытворчыя магутнасці і ланцужкі паставак, каб у выпадку пагрозы запусціць масавы выпуск. Такі падыход знізіць выдаткі на захоўванне і паскорыць размяшчэнне.
Роля інавацый і будучыня дронавай вайны
NATO на саміце ў Гаазе дамовілася ўзмацніць інвестыцыі ў беспілотнікі і падняць сродкі на СПА ў пяць разоў. Брытанская мадэль «20-40-40» ужо ставіць дроны ў цэнтр тактыкі: першая хваля - беспілотнікі, затым - традыцыйныя платформы.
Кампаніі па ўсім кантыненце распрацоўваюць захопнікі дронаў з радарам на 5 км і «лятаючыя бомбы» для войска Украіны. Нямеччына і Вялікая Брытанія паскараюць закупы і ствараюць супольныя праекты па вытворчасці, разумеючы: хто хутчэй атрымае новую тэхналогію - той і пераможа.