У Менску зносяць завод «Агат»
13- 26.06.2025, 11:14
- 9,086

Што збудуюць на яго месцы.
У Менску зносяць корпус электрамеханічнага завода «Агат».
Будынкі стаялі на вуліцы Валгаградскай з 1950-х - і вось на іх месцы ўжо з'яўляюцца кучы смецця «вышынёй з два паверхі». Пра гэта парталу onliner.by расказаў чытач.
Чакаецца, што 11 гектараў зямлі пуставаць пасля зносу завода не будуць. На гэтую пляцоўку горадабудаўнікі паклалі вока яшчэ восем гадоў таму, але ў той час не знайшлося інвестараў.
Ужо тады луналі ідэі аб жылым комплексе. У 2023 годзе быў створаны план.
Паводле яго павінна з'явіцца дзевяць пабудоў, кожная на дзесяць паверхаў. Гэта будуць дамы на 1180 кватэр у агульнай суме.
«Дамы павінны быць не масавых серый, а паводле індывідуальных праектаў. Таксама спатрэбяцца дзіцячы садок, грамадскія аб'екты і шматузроўневыя паркінгі. У канцэпцыі прадуманыя закрытыя і напаўзакрытыя групы шматкватэрных дамоў з дварамі без аўтамабіляў. Такі прынцып дазволіць закрыць двары ад шуму і выкідаў з магістраляў», – прыводзіць onliner.by словы распрацоўнікаў праекту.
Новыя квадратныя метры хочуць прапаноўваць тым, хто мае патрэбу. Але ёсць імавернасць, што і людзям, якія не маюць ільгот, можна будзе нагледзець там сабе кватэру.
Рэалізоўваць праект будзе дзяржаўны забудоўнік, але хто канкрэтна, пакуль невядома.