У Беластоку прайшла акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам
- 26.06.2025, 11:26

Палітвязень працягвае заставацца ў наваполацкай калоніі №1.
На фоне апошняга вызвалення палітычных вязняў з турмаў у Беларусі яшчэ тысячы незаконна засуджаных людзей працягваюць заставацца ў месцах зняволення. Сярод іх – журналіст, актывіст Саюза палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут, передае «Радыё Рацыя».
У Беластоку, каля помніка ксяндзу Ежы Папялушку прайшла чарговая акцыя салідарнасці з Анджэем і ўсімі беларускімі палітвязнямі. Гавораць удзельнікі акцыі:
– Апошнім часам мы мелі добрыя навіны пра вызваленне 14 асобаў. Вядома, гэта добры знак, але не забываемся, што ў Беларусі больш за 1000 палітзняволеных за кратамі. І сярод іх наш калега Анджэй Пачобут.

– Я звяртаюся з адным пытаннем – дзе Анджэй Пачобут? Чатырнаццаць асобаў вызваліў рэжым Лукашэнкі, выпусціў людзей такімі замучанымі, што проста іх не пазнаць. Людзі страцілі палову сваёй вагі. І, відаць, яны так замучылі і Анджэя Пачобута і не могуць яго паказаць.

– Дзякую ўсім, хто прыходзіць сюды. Я лічу, што павінна быць у 10, у 20 разоў людзей больш, якія выказваюць сваю салідарнасць. Верым у вызваленне нашых сяброў, годных людзей, годных сыноў польскага і беларускага народаў і іншых нацыянальнасцяў, якія знаходзяцца за кратамі. І няхай жыве воля і жыве Беларусь!
Анджэй Пачобут быў арыштаваны ў Гародні 25 сакавіка 2021 года. У лютым 2023 года засуджаны да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і на сёння працягвае заставацца ў наваполацкай калоніі №1.