Астранаўты Польшчы, Вугоршчыны і Індыі прыбылі на МКС
4- 26.06.2025, 19:07
- 1,504

Гэта першыя прадстаўнікі трох краінаў на арбіце за апошнія дзесяцігоддзі.
Астранаўты з Індыі, Польшчы і Вугоршчыны ўпершыню ў гісторыі прыбылі на Міжнародную касмічную станцыю (МКС). Касмічны карабель Crew Dragon з чатырма чальцамі экіпажу, уключаючы былую астранаўтку NASA Пэгі Уітсан, паспяхова прыстыкаваўся да станцыі ў чацвер, 26 чэрвеня, паведаміла амерыканская кампанія Axiom Space.
Запуск адбыўся напярэдадні з касмадрома на мысе Канаверал (штат Флорыда, ЗША) з дапамогай ракеты Falcon 9 кампаніі SpaceX Ілана Маска. Прыстыкоўка да МКС прайшла ў 12.31 паводле Менска. «Для нас вялікі гонар быць тут. Дзякуй», – заявіла камандзірка місіі Пэгі Уітсан у прамым эфіры пасля паспяховага прыбыцця на станцыю.
Місія Ax-4 стала ўжо чацвёртай камерцыйнай экспедыцыяй Axiom Space. Нараўне з ужо бывалай у космасе Уітсан у экіпаж увайшлі астранаўты-навічкі: Шубханшу Шукла з Індыі, Славаш Ужнаньскі-Вішнеўскі з Польшчы і Тыбар Капу з Вугоршчыны. Гэта першыя прадстаўнікі трох краінаў на арбіце за апошнія дзесяцігоддзі. Апошні раз астранаўты з гэтых дзяржаваў удзельнічалі ў касмічных місіях яшчэ ў рамках савецкай касмічнай праграмы.
Індыя, Польшча і Вугоршчына самастойна прафінансавалі ўдзел сваіх грамадзянаў у місіі. Цягам прыкладна двух тыдняў экіпаж правядзе на борце МКС блізу 60 навуковых эксперыментаў ва ўмовах бязважкасці. Сярод кірункаў даследаванняў – мікраводарасці, парасткі салаты і мікраскапічныя бесхрыбтовыя арганізмы – ціхаходкі.