Расейская нафта патаннела на $10
3- 26.06.2025, 21:08
- 11,892

Кошт нафты ўпаў на фоне перамір'я Ірана і Ізраіля.
Кошты расейскай нафты рэзка ўпалі пасля дасягнення Іранам і Ізраілем перамір'я, вынікае з звестак міжнароднага коштавага агенцтва Argus. Каціроўкі вярнуліся да сваіх значэнняў да пачатку канфлікту, а яшчэ нядаўна яны дасягалі максімальных адзнак са студзеня 2025 года.
Ізраіль і Іран пагадзіліся на спыненне агню ў ноч на 24 чэрвеня. Паводле вынікаў гандлю гэтага дня кошт маркі Urals на базісе FOB Прыморск (у порце адгрузкі) упаў амаль на $9 – да $56,51 за бараль, на базісе FOB Новарасійск ён скараціўся таксама амаль на $9 – да $56,66 за бараль. Кошт прэміяльнай ESPO на базісе FOB Казьміно асеў на $7 – да $63,48 за бараль.
На стан 25 чэрвеня кошт Urals у Прыморску і Новарасійску складаў $56,64 і $56,79 за бараль адпаведна. А ESPO, звесткі пра якую ёсць ужо за 26 чэрвеня, у цяперашні момант гандлюецца на ўзроўні $60,81.
Такім чынам, прэміяльная марка зноў наблізілася да коштавай столі краінаў «Вялікай сямёркі», усталяванай на адзнацы $60 у канцы 2022 года. Urals апусцілася ніжэй за гэтую мяжу.