19 жнiўня 2025, aўторак, 4:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У РФ заявілі, што вайскоўцы, якія паўзлі ў Суджу па газаправодзе, цяжка захварэлі, але ім адмовілі ў выплатах

8
У РФ заявілі, што вайскоўцы, якія паўзлі ў Суджу па газаправодзе, цяжка захварэлі, але ім адмовілі ў выплатах

Генштаб заняў пазіцыю «мы іх туды не пасылалі».

Расейскія вайскоўцы, якія паўзлі па газаправодзе да пазіцый УСУ ў Суджы, атрымалі цяжкія захворванні, некаторыя - рак лёгкіх. Але ўлады РФ адмовілі ім ва ўзнагародах і выплатах, сцвярджае крамлёўская прапагандыстка Анастасія Кашаварава.

Кашаварава назвала кідок па газавай трубе «адным са страшных, але важных момантаў» контрнаступлення РФ у Курскай вобласці.

- Нашы байцы ішлі ўнутры газавай трубы 15 кіламетраў 750 метраў і яшчэ шэсць дзён жылі ў ёй, чакаючы наступлення. У дзень X яны былі ў супраціўніка ў тыле. Што рабілася ў гэтай трубе - страшна ўявіць. <…> Усе, хто быў у трубе, атрымалі паражэнне лёгкіх. Байцы задыхаліся. Хтосьці ўжо загінуў, - напісала прапагандыстка.

Аднак, з яе слоў, гэтыя захворванні афіцыйна не прызнаныя ні вайсковай траўмай, ні цяжкім захворваннем, што выключае магчымасць атрымання кампенсацый або сацыяльных ільгот.

- Пры гэтым яны ўсе асуджаныя і атрымалі сур'ёзныя захворванні лёгкіх. Але выплаты не прадугледжаныя і па гібелі, бо памерлі яны таксама не ад баявой траўмы, а ад раку лёгкіх або ТЭЛА (тромбаэмбаліі лёгачнай артэрыі), ну ці як першапачаткова ставілі ў шпіталі - ад вострага бранхіту, - заявіла Кашаварава.

Яна дадала, што ўдзельнікам штурму таксама адмовілі ва ўзнагародах, і абвінаваціла ў гэтай сітуацыі Генштаб УС РФ, які паводзіць сябе ганебна і «заняў пазіцыю «Мы іх туды не пасылалі».

Нагадаем, уварванне УСУ ў Курскую вобласць пачалося 6 жніўня 2024 года. Яно стала першай вайсковай аперацыяй пад украінскімі сцягамі на тэрыторыі РФ. Да пачатку верасня ўкраінскае войска кантралявала больш за тысячу квадратных кіламетраў рэгіёну, у тым ліку горад Суджу.

Пасля серыі контрнаступленняў УС РФ і прыцягнення тысяч паўночнакарэйскіх жаўнераў УСУ страцілі большую частку занятых тэрыторый. Да снежня баявыя дзеянні зрушыліся да Суджы, а ў студзені - лютым 2025 года пачаўся вывад украінскіх войск.

«Украинская правда» са спасылкай на ўкраінскага вайскоўца, які знаходзіцца ў Курскай вобласці, пісала, што 8 сакавіка 2025 года амаль 100 расейскіх вайскоўцаў прайшлі па газаправодзе да пазіцый УСУ, але гэта «не было нечаканасцю».

Ён таксама расказаў аб спробе расейцаў неўзаметку перакінуць уздоўж трубы газаправода штурмавую роту. Але пацвердзіў, што ўкраінскія сілы своечасова знайшлі штурмавікоў і спынілі іх прасоўванне.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках