Знойдзены мёртвым 69-гадовы гамяльчук, якому дапамаглі вярнуцца пасля рабства ў Расеі
7- 27.06.2025, 10:18
- 9,032

Дабраўшыся дадому, ён праз некаторы час знік.
Валанцёры ў Маскве нядаўна дапамаглі 69-гадоваму беларусу Аляксандру Катлярову, які ў Расеі патрапіў у «працоўны дом». Мужчыну набылі квіток да Гомеля, адзенне і ежу. Аднак, дабраўшыся дахаты, ён праз некаторы час знік. У выніку гамельчука знайшлі загінулым, паведаміў пошукава-выратавальны атрад «Пульс».
Паводле паведамлення, 4 чэрвеня ён ужо быў у Гомелі. Там сеў на тралейбус і знік. Цела знайшла гомельская міліцыя. Іншыя падрабязнасці не паведамляюцца.
Нагадаем, на відэа, выкладзеным валанцёрам каманды «Мамы Свету» Сяргеем, Аляксандр Катляроў расказваў, што ў Маскву прыехаў працаваць год таму. Ён працаваў у «працоўным доме», дзе яму плацілі 2 беларускія рублі за дзень. Мужчына дрэнна размаўляў, валанцёр выказаў меркаванне, што ў таго быў інсульт. У выніку валанцёры набылі Аляксандру квіток да Гомеля, далі крыху адзення і ежы з сабой, праводзілі да цягніка.
