Дай народу паказанні
64- Ірына Халіп
- 27.06.2025, 18:45
- 41,298

Не забыць, не прабачыць і не стаць добранькімі.
«Адзінае, што Лукашэнка мог бы даць беларускаму народу, - гэта паказанні», - сказаў аднойчы мой брат. Потым мы доўга казалі пра тое, якія гэта былі б шыкоўныя паказанні і колькі «вісякоў» за дзесяцігоддзі атрымалася б раскрыць. Забойствы, выкраданні, тэрарызм, рабаванні, махлярства, хабары - там увесь Крымінальны кодэкс спатрэбіўся б, ніводны артыкул не застаўся б нявыкарыстаным.
Я прыгадала гэтую даўнюю размову пасля вызвалення Сяргея Ціханоўскага. Што менавіта казаў Ціханоўскі на прэс-канферэнцыі і ў інтэрв'ю - не самая важная рэч. Дастаткова было паглядзець на яго, каб усвядоміць ступень ягоных пакут за пяць гадоў у адзіночнай камеры. У яго ў вачах - не толькі радасць ад вяртання на волю, але і нянавісць, і прага справядлівасці. А справядлівасць - гэта пакаранне для тых, хто адабраў у чалавека пяць гадоў жыцця і прагнаў яго скрозь строй, скрозь катаванні, скрозь прыніжэнні.
У кожнага палітвязня - свой уласны чорны спіс. Прычым у гэтым спісе не толькі следчыя, пракуроры, суддзі, вертухаі. Ён папаўняецца тымі, хто, магчыма, і не адпраўляў людзей у турму ўласным подпісам. Але адзін выпадковы рух ці слова дадае яго ў спіс. «Нейкі опер прысутнічаў пры ператрусе, - казала мне былая палітзняволеная, - і штурхнуў котку. Ён, мусіць, і не памятае гэтага. І болей я яго ніколі не бачыла. Але ён адкажа за гэта!»
Карнікаў ужо больш, чым палітвязняў. І ўсё часцей у грамадстве з'яўляюцца размовы аб люстрацыі і аб тым, што потым з імі з усімі рабіць. Памятаю фразу заснавальніка газет «Свабода» і «Навіны» Паўла Жука: «Мне б толькі пасля падзення рэжыму КДБ на пару месяцаў узначаліць, больш нічога не трэба!» Мы потым яшчэ жартам прыдумвалі схему: пасады сілавых кіраўнікоў будуць пераходнымі, не больш за два тыдні на аднаго чалавека, каб паспеў адпомсціць карнікам.
А калі сур'ёзна, у аніводнай постдыктатарскай краіне лакальныя «нюрнбергі» не былі паспяховымі. Да прыкладу, у Чэхіі, у якой былі вялікія прэтэнзіі да тых, хто падтрымліваў камуністычны рэжым, за злачынствы падчас існавання ЧССР была асуджаная толькі Людміла Брожава-Паледнава - народная пракурорка (акрамя афіцыйнага дзяржабвінаваўцы, у судах над дысідэнтамі выступалі і «народныя», быццам бы ад імя рабочага класа) 1950 года. Тады чацвёра чэшскіх дысідэнтаў былі пакараныя, у тым ліку гераіня антыфашысцкага падполля Мілада Гаракава. Цяпер яе імем названыя вуліцы чэшскіх гарадоў, а пракурорка Брожава-Паляднава паўстала перад судом толькі ў 2008 годзе, а праз два гады і зусім была вызваленая ад пакарання праз стан здароўя. Хаця такіх «народных пракурораў» ды іншых карнікаў у Чэхаславаччыне было шмат.
Ды і наогул, колькі ні вывучай нядаўнюю гісторыю люстрацый і судовых працэсаў у посткамуністычных краінах, ідэальнай мадэлі не знойдзеш нідзе. Можна ўзгадаць Курта Вальдхайма, які своечасова напісаў сабе біяграфію, стаў прэзідэнтам Аўстрыі і генеральным сакратаром ААН і быў выкрыты як нацыст толькі праз сорак гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Не сумняваюся, што ў мноства беларускіх чыноўнікаў даўно ўжо нарыхтаваныя такія легенды пра тое, як яны развальвалі рэжым знутры ці ўвогуле трыццаць гадоў правялі на бальнічным – вось і даведка ёсць. А можна ўспомніць тых жа чэхаславацкіх карнікаў, якія адпраўлялі на шыбеніцу такіх, як Мілада Гаракава, але не паспелі адказаць за свае злачынствы перад грамадствам: іх зжэрла сістэма падчас наступнай хвалі рэпрэсій, іх пакаралі не за злачынствы супраць свайго народа, а як амерыканскіх шпіёнаў. Няма ідэальнай формулы, канцэпцыі, схемы. Няма праведнікаў, якія маглі б непрадузята вызначаць лёс тых, хто працаваў на рэжым: у кожнага свой чорны спіс і прага помсты. «Два месяцы кіраўніцтва КДБ - больш мне нічога не трэба», - казаў Павел Жук. («Два месяцы кіраўніцтва БТ, каб Грыша Азаронак кожны вечар выходзіў у эфір з рубрыкай «Як правільна каяцца», і больш мне нічога не трэба», — такое я таксама чула ад калег, а іншы раз і сама пра гэта думала.) Няма нарэшце ўдалага прэцэдэнту ў гісторыі. Магчыма, нам трэба будзе стаць першымі.
Не ведаю, ці захочуць беларусы судзіць, да прыкладу, Латушку ці Азарава (адзін быў карнікам ідэалагічным, іншы - класічным, тыповым). Асабіста я мяркую, што гэта неабходна - ім ёсць за што панесці пакаранне. Іншыя гатовыя прабачыць іх мінулае за своечасовае пераабуванне. Трэція ўвогуле прапануюць аддаць іх усіх на з'ядзенне адзін аднаму, каб, напрыклад, спачатку суддзя Кацэр судзіў суддзю Шабуню, а потым суддзя Карсюк — суддзю Кацэра і гэтак далей, па ланцужку. Аднаўленне справядлівасці і пакаранне вінаватых, мабыць, стане самай складанай задачай для беларускага народа пасля перамогі. Але і самай неабходнай.
А пакуль мы абавязаныя не забываць, не прабачаць і не дазваляць сабе быць добранькімі («галоўнае – перамагчы, а гэтыя вырадкі няхай коцяцца на ўсе чатыры бакі»). За кожным скалечаным лёсам стаіць не землятрус або авіякатастрофа, а канкрэтныя людзі. І гэтых скалечаных лёсаў столькі, што нашыя каты канчаткова страцілі права на прабачэнне. А мы - права на міласэрнасць.
Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org