Судны ў Армузскай пратоцы пачалі перадаваць незвычайныя паведамленні
- 27.06.2025, 10:22
- 8,842

Што адбываецца?
Судны, якія праходзяць праз Армузскую пратоку, пачалі перадаваць незвычайныя радыёпаведамленні, каб знізіць рызыку нападу. Гэта адбываецца на фоне падвешанай сітуацыі са спыненнем агню паміж Ізраілем і Іранам, паведамляе Reuters, са спасылкай на аналітычную кампанію Windward, якая займаецца ацэнкай марскіх рызык.
Паводле інфармацыі Windward і сістэм адсочвання суднаў, пасля канфлікту паміж Ізраілем і Іранам у пачатку чэрвеня, а таксама пасля таго, як ЗША нанеслі ўдары па іранскіх ядзерных аб'ектах, больш за 50 суднаў у Армузскай пратоцы перадалі больш за 100 нестандартных радыёпаведамленняў.
Гэтыя сігналы змяшчалі фразы накшталт «уласнік - Кітай» або «расейская нафта» - з разлікам на тое, што звязаныя з Кітаем або РФ караблі апынуцца менш імавернымі цэлямі для нападаў, чым, напрыклад, судны пад брытанскім, амерыканскім або ізраільскім сцягам.
«Праз заблытаную схему ўласнасці суднаў складана хутка зразумець, да якой краіны яны насамрэч належаць. Таму ўладальнікі суднаў імкнуцца загадзя пазначыць «бяспечную» нацыянальнасць, каб знізіць рызыкі», - растлумачыў дырэктар Windward Амі Даніэль.
Паводле звестак Супольнага марскога інфармацыйнага цэнтра (JMIC), на наступны дзень пасля абвяшчэння аб спыненні агню 24 чэрвеня камерцыйны рух суднаў у Армузскай пратоцы павялічыўся на 30%. Адзначым, праз гэты стратэгічны вузкі марскі праход паміж Персідскай і Аманскай затокай транспартуецца амаль 20% сусветнага спажывання нафты і паліва.
Раней такая практыка перадачы «ахоўных» радыёпаведамленняў назіралася толькі ў Чырвоным моры, дзе судны зазнавалі напады з боку еменскіх паўстанцаў-хусітаў пасля пачатку канфлікту Ізраіля з сектарам Газа. Але зараз яна распаўсюдзілася і на Персідскую затоку.
«Я ніколі раней не бачыў такога ў Персідскай затоцы», – адзначыў Даніэль.
Чым важная Армузская пратока? Ці можа Іран яе блакаваць? Хто ад гэтага больш пацярпіць?
Агенцтва прыводзіць некаторыя прыклады такіх паведамленняў.
Так, судна пад панамскім сцягам Yuan Xiang Fa Zhan, якое ішло ў Пакістан, перадавала паведамленне: «PKKHI all Chinese» - нібыта ўся каманда кітайская.
Кітайскі супертанкер Yuan Yang Hu, які перавозіў нафту з Савудаўскай Арабіі ў Кітай, у Армузскай пратоцы перадаваў: «Chinese ship», а пазней змяніў паведамленне на порт прызначэння - «CN NBG» (Нінба-Чжоўшань).
Кантэйнеравоз Kota Cabar пад сцягам Сінгапура сігналізаваў: «Vsl no link Israel» («Судна не звязанае з Ізраілем»), калі ішоў па Чырвоным моры.
Дадаткова JMIC паведамляе, што ў рэгіёне зафіксаваныя выпадкі электронных перашкод, якія ўплываюць на глабальную навігацыйную спадарожнікавую сістэму (GNSS). Гэта можа прывесці да адхілення суднаў ад курсу і павысіць рызыку сутыкненняў.