Расейцаў пачалі масава пазбаўляць прэмій
- 27.06.2025, 12:22
- 3,402

Праз запаволенне эканомікі.
Расейскія кампаніі, якія сутыкнуліся з пагаршэннем фінансавага становішча на фоне запаволення эканомікі, пачалі адмаўляцца ад выплаты бонусаў і прэмій супрацоўнікам. Кожны трэці работнік, які раней атрымліваў узнагароды, паведаміў, што за апошні год сума дадатковых выплат была ўрэзаная альбо іх зусім перасталі налічваць, піша The Moscow Times.
Гэта паказала даследаванне Рэкрутынгавага сэрвісу hh.ru і НПФ «Эвалюцыя», вынікі якога публікуюць «Известия». Прынамсі, 20% апытаных спецыялістаў паскардзіліся на памяншэнне сумы ўзнагароджання, а 9% - на спыненне выплат. Пры гэтым у чвэрці рэспандэнтаў бонус складаў ад 10 да 30% ад акладу, 15% назвалі суму прэмій 10% ад акладу і амаль столькі ж - ад 30 да 50%.
Сярод прафесійных катэгорый часцей за ўсё прэміі ўрэзалі або скасавалі мэнэджарам, IT-спецыялістам, рыэлтарам, а таксама работнікам у сферах продажаў, фінансаў і будаўніцтва. У топ-5 рэгіёнаў, жыхары якіх паскардзіліся на пазбаўленне прэмій, увайшлі Свярдлоўская (42%), Новасібірская (36%), Самарская (32%) і Растоўская (31%) вобласці, а таксама Татарстан (32%). Трэнд на зніжэнне сумы прэмій або іх скасаванне пацвердзілі ў сэрвісе «Работа.ру». Бонусы і прэміі - гэта першае, на чым можна сэканоміць без афіцыйнага зніжэння акладаў і фармальных скарачэнняў, адзначыў аналітык Freedom Finance Global Уладзімір Чарноў.
«Магчымасці манеўру [кампаній] скарачаюцца, асабліва на фоне росту ключавой стаўкі і зніжэння даступнасці крэдытнага пляча», – кажа дырэктар у персанале КРОС Дзмітрый Дудараў. Таксама, з яго слоў, кампаніі дасягнулі пункту, калі фінансавыя рычагі як адзіны спосаб матывацыі больш не працуюць. Цяпер бізнэс імкнецца аптымізаваць працэсы і павышаць прадукцыйнасць працы, дадаў намеснік гендырэктара сэрвісу «Работа.ру» Аляксандр Вецяркоў.
Зніжэнне прэмій стварае негатыўны фон на рынку працы, бо работнікі становяцца менш матываванымі, а гэта можа прывесці да паскарэння цякучасці кадраў, звярнула ўвагу кіраўніца інфармацыйнага аддзела незалежнага прафзвязу «Новая праца» Марыя Каляда. «Для захавання ключавых супрацоўнікаў прадпрыемства пераходзяць да альтэрнатыўных спосабаў утрымання персаналу. Часцей за ўсё акцэнт робяць на нематэрыяльнай матывацыі. Прапануюць гнуткі графік, магчымасць выдаленай працы, удзел у цікавых праектах або навучанне за кошт працадаўцы», - кажа Чарноў з Freedom Finance Global.
Акрамя таго, паводле інфармацыі SuperJob, працадаўцы сталі часцей дарыць падарункі да святочных дат, выдаваць безадсоткавыя пазыкі, арганізоўваць кансультацыі псіхолагаў, юрыстаў і фінансістаў. Таксама арганізацыі прапануюць пашыраныя сацпакеты (ДМС і трансфер з дому ў офіс) і нематэрыяльнае прызнанне (граматы, згадкі ў навінах кампаніі, удзел у стратэгічных сесіях), дадаў Чарноў.