BI: УСУ выкарыстоўваюць робатаў так, як гэтага не чакалі нават вытворцы
- 27.06.2025, 14:56
- 4,066

Роля наземных беспілотнікаў становіцца ўсё важнейшай на поле бою.
Наземныя робаты, якія ва ўсё большай колькасці з'яўляюцца на фронце ва Украіне, часта выкарыстоўваюць такім чынам, які не прадугледжвалі нават самі вытворцы. Пра гэта піша Business Insider.
Кулдар Вяярсі, заснавальнік і генеральны дырэктар эстонскай кампаніі Milrem Robotics, кажа, што "ўкраінскія вайскоўцы сапраўды крэатыўныя, і яны знаходзяць вельмі простыя спосабы, як атрымаць яшчэ больш ад абсталявання".
Эстонская кампанія вырабляе аўтаномныя наземныя робаты, якія могуць збіраць разведвальныя звесткі, эвакуяваць параненых вайскоўцаў, абясшкоджваць выбуховыя прылады і выконваць функцыю мабільнай агнявой платформы, калі паставіць на іх турэль з кулямётам. Але ва ўмовах вайны, калі крэатыўнасць - «гэта літаральна пытанне жыцця і смерці», украінскія вайскоўцы знаходзяць спосабы адаптацыі гэтых робатаў і да іншых задач, кажа Вяярсі.
Ён адмовіўся раскрываць падрабязнасці таго, што прыдумалі ўкраінскія вайскоўцы, спаслаўшыся на меркаванні сакрэтнасці. Але адзначыў, што «крэатыўнасць украінскіх войскаў сапраўды выклікае захапленне».
Аляксандр Ябчанка, кіраўнік рабатызаваных сістэм украінскага батальёна «Ваўкі Да Вінчы», распавёў Business Insider, што яго падраздзяленне выкарыстоўвае наземных робатаў прынамсі для мінавання мясцовасці, эвакуацыі загінулых і падрыву важных расейскіх аб'ектаў.
Сілы абароны выкарыстоўваюць не толькі эстонскіх робатаў, але і ўзоры айчыннай вытворчасці. Большасць мадэляў прадугледжвае магчымасць іх мадыфікацыі пад розныя задачы.
Вяярсі кажа, што вайна ва Украіне апраўдала стаўку яго кампаніі на гэтую тэхналогію, хоць да 2022 года існавалі сумневы адносна наземных робатаў, нягледзячы на прызнанне іх патэнцыйнайкарысці ў абароннай сферы.
Гэтая вайна «прадэманстравала, што беспілотныя наземныя транспартныя сродкі гуляюць сапраўды важнае месца на полі бою», - сказаў ён.
Як адзначае Business Insider, заходнія войскі раней ужо выкарыстоўвалі робатаў у папярэдніх канфліктах, але зусім не ў такіх маштабах, якія ёсць ва Украіне. Па словах Вяярсі салдаты могуць "выкарыстоўваць беспілотныя сістэмы як першую лінію абароны або наступлення" і ім не трэба перакідваць войскі на пярэднюю лінію.
«Я лічу вельмі важным тое, што ў Еўропе нам трэба вывучаць, і вельмі сур'ёзна вывучаць тое, што адбываецца ва Украіне: што працуе, што не, які лад мыслення трэба змяніць, каб быць лепш абсталяванымі, калі - спадзяюся, гэтага ніколі не адбудзецца - але калі Расея вырашыць пашырыць сваю ваенную актыўнасць», - сказаў эстонскі прадпрымальнік.