Два чыннікі, якія паставяць Пуціна на месца
- 27.06.2025, 18:05
- 15,694

Украіна і партнёры могуць дамагчыся гэтага.
Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак назваў два асноўныя чыннікі, якія могуць прымусіць кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна пайсці на перамовы ў заканчэнні вайны. Але ён падкрэсліў, што размова ідзе не пра сустрэчы кшталту тых, што праходзяць у Стамбуле, а пра сапраўдныя перамовы.
Пра гэта Ярмак заявіў падчас форуму Fair play, на якім прысутнічаў карэспандэнт «Тэлеграфа». Паводле ягоных словаў, цяпер Пуцін не хоча па-сапраўднаму дамаўляцца пра мір, ён імітуе сваю «згаворлівасць».
«На першым месцы – украінскія Узброеныя сілы, гэта наша здольнасць. Вы ведаеце, што нават апошнія аперацыі Служба бяспекі Украіны здзяйсняліся дзякуючы нашай зброі», – кажа кіраўнік ОП.
Ён адзначае, што адным з чыннікаў паспяховых перамоваў з'яўляецца сіла Украіны і яе войска. Бо дэманстрацыя магчымасці не проста супрацьстаяць Крамлю, але і паспяхова атакаваць яго, дасць Кіеву магчымасць пахіснуць упэўненасць Пуціна ў «непераможнасці» Расеі.
– І другое – гэта менавіта санкцыі. На ўсіх перамовах, на ўсіх, вы бачыце, выказванні афіцыйных асобаў з Крамля накіраваныя на санкцыі. Яны для іх галоўны пункт, – дадае Ярмак.
Паводле ягоных словаў, нарошчванне і ўзмацненне санкцый дапамогуць Украіне пагоршыць эканоміку Расеі, а гэта ў сваю чаргу зменшыць фінансаванне не толькі ў абаронны комплекс Крамля. Кіеў павінен абмяжоўваць здольнасць ваенна-прамысловага комплексу РФ і адным з дзейсных метадаў выступаюць санкцыі.