Пуцін заявіў пра «гатоўнасць» да трэцяга раўнду «перамоваў» з Украінай, але ёсць нюанс
10- 27.06.2025, 18:42
- 8,742

Расея нібыта гатовая правесці наступную сустрэчу таксама ў Стамбуле.
Расейскі дыктатар Пуцін заявіў, што расейскія і ўкраінскія мемарандумы пра перамір'е проста супрацьлеглыя. Але нібыта вядуцца перамовы для пошуку выйсця.
Як паведамляе РБК-Украіна, пра гэта Пуцін заявіў падчас размовы з журналістамі.
Журналісты спыталі ў дыктатара, як ён ацэньвае мемарандум Украіны пра перамір'е. На што Пуцін адказаў, што ён супрацьпастаўлены прапанове Расеі. Пры гэтым ён адмовіўся больш падрабязна адказваць, заявіўшы, што гэта «шкодна для перамоваў».
«Гэта два абсалютна супрацьлеглыя мемарандумы, але перамовы для таго і арганізоўваюцца, і праводзяцца для таго, каб шукаць шляхі збліжэння. А тое, што яны былі проста супрацьлеглымі, мне здаецца, тут дзіўнага таксама нічога няма. Дэталізаваць я не хацеў бы, таму што мяркую, гэта немэтазгодна, нават шкодна для перамоваў», – сказаў Пуцін.
Паводле словаў дыктатара, Расея і Украіна нібыта дамовіліся прадоўжыць далейшыя кантакты пасля заканчэння абмену. І ўжо пасля заканчэння абмену палоннымі Пуцін мяркуе, можна будзе правесці яшчэ адзін раўнд перамоваў паміж Расеяй і Украінай.
«І дамаўляліся такім чынам, што пасля заканчэння гэтай стадыі мы правядзём трэці раўнд перамоваў. У цэлым мы да гэтага гатовыя. Трэба ўзгадніць месца, час», – кажа Пуцін.
Ён спадзяецца, што прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган і ягоная краіна, як і раней, будуць пасярэднікамі ў перамовах. Расея нібыта гатовая правесці наступную сустрэчу таксама ў Стамбуле. Але ўсё яшчэ няма пэўнай даты.
«Яны (кіраўнікі дэлегацый – рэд.) цяпер паміж сабой дамаўляюцца з часам чарговай сустрэчы... Прадметам (сустрэчы – рэд.) як на мяне, павінна быць абмеркаванне мемарандумаў як з аднаго, так і з другога боку», – заявіў Пуцін.