14 лiпеня 2025, панядзелак, 7:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для запісу на польскія візы з'явіліся новыя патрабаванні

9
Для запісу на польскія візы з'явіліся новыя патрабаванні

Працэс рэгістрацыі ўскладнілі.

З'явіліся новаўвядзенні для тых, хто плануе атрымліваць польскую візу. Пры рэгістрацыі на сайце візавага цэнтра ўвялі абноўленую сістэму верыфікацыі, паведамляе TikTok-старонка «Нашы ў Польшчы». Гэта пацвярджае і экспертка Настасся Лысакоўская. «Люстэрка» даведалася, што за новаўвядзенні і як яны адаб'юцца на карыстальніках.

Паводле словаў Настассі Лысакоўскай, з 26 чэрвеня пры рэгістрацыі на сайце VFS стала неабходна загружаць не толькі фатаграфію асобы і разварот дакумента, але і здымак яго вокладкі. Акрамя таго, сістэма будзе фіксаваць колькасць уваходаў у асабісты кабінет. Калі за нядоўгі час чалавек зробіць запар пяць спробаў аўтарызацыі, ягоны профіль заблакуюць на некалькі гадзінаў. Гэта, зазначае візавая экспертка, можа стаць адной з перашкодаў, каб злавіць «акенца».

– Навошта рабіць фота вокладкі, не ведаю, бо зняць можна любую. Магчыма, пры верыфікацыі не будуць прымаць пацёртую галоўную старонку. А вось тое, што колькасць заходаў у асабісты кабінет сталі часова абмяжоўваць, – гэта для мяне відавочны мінус. Напрыклад, чалавек не ведае, ці з'явіліся даты на падачу, і заходзіць у сістэму праверыць. Альбо ж запіс анансавалі, карыстальнік зайшоў, а раздачу затрымліваюць. У кожным з гэтых выпадкаў мы трацім спробу, не атрымліваючы вынік, – дзеліцца меркаваннем Настасся Лысакоўская. – Да таго ж праз памылкі ў працы сайт можа проста «выкідваць» з кабінета. На маім досведзе, часта, каб запісацца, трэба ўвайсці ў яго не раз і не два.

На думку эксперткі, прычына новаўвядзенняў – барацьба з пасярэднікамі.

– Аднак новыя абмежаванні ўскладняюць працэс рэгістрацыі не толькі для агентаў, але і для звычайных заяўнікаў, – кажа суразмоўніца. – Пры гэтым колькасць даступных месцаў на запіс большай не становіцца. Асноўная нагрузка па-ранейшаму прыпадае на Менскую консульскую акругу, дзе запісацца вельмі складана – тэрміны чакання ўжо дасягаюць года.

Лысакоўская таксама адзначае, што ў пятніцу, 27 чэрвеня, калі раздавалі месцы для рэгістрацыі ў Гарадзенскай консульскай акрузе, слоты падзялілі ў часе.

Спачатку ішоў запіс на турыстычны шэнген, потым на працоўныя візы, пасля – на астатнія, напрыклад гасцявыя.

– Абвесткі пра з'яўленне датаў для запісу былі і раней. Але, калі тады паведамлялі, што пачынаецца рэгістрацыя на ўсе катэгорыі візаў, то цяпер яны выкідваюць іх паступова, – адзначае суразмоўніца. – Як гэта будзе працаваць далей і ці распаўсюдзіцца на іншыя рэгіёны, незразумела. Нядаўна раздавалі месцы на Менскую консульскую акругу. Там проста было паведамленне пра «ўкід» у адзін час.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках