У Расеі наспявае фінансавы калапс
9- 28.06.2025, 9:30
- 12,456

17% эканомікі на мяжы зрыву.
Поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну ўсё больш падрывае эканоміку самой краіны-агрэсаркі. Паводле словаў аналітыкаў Цэнтра макраэканамічнага аналізу і кароткатэрміновага прагназавання (ЦМАКП), набліжанага да расейскіх уладаў, сітуацыя набывае крытычныя маштабы.
Спецыялісты Цэнтра папярэджваюць: эканоміка РФ апускаецца ў этап глыбокай фінансавай напругі. У зоне сур'ёзнай рызыкі тыя галіны, якія забяспечваюць больш за 17% усіх прыбыткаў рэальнага сектару. Гэта прамысловасць, будаўніцтва, машынабудаванне, транспарт.
Прычынай рэзкага пагаршэння стану з'яўляюцца не толькі ўнутраныя чыннікі, але і доўгая вайна супраць Украіны. Санкцыйная ізаляцыя, падзенне інвестыцый, страта знешніх рынкаў і рост выдаткаў рэзка знізілі магчымасці прадпрыемстваў падтрымліваць прыбытковасць. У той самы час рэкордныя крэдытныя стаўкі зрабілі фінансаванне бізнэсу надзвычай складаным – пазыкі пад 16-17 адсоткаў сталі нормай.
Масавыя неплацяжы і рост запазычанасці фармуюць ланцуговую рэакцыю банкруцтваў. Прадпрыемствы не вытрымліваюць умоваў, у якіх вымушаныя працаваць, і ўсё больш з іх спыняюцца ці скарачаюць вытворчасць.
Цяпер уся эканамічная стабільнасць РФ трымаецца на экспарце сыравіны і дзяржаўным фінансаванні. Але такая мадэль не можа забяспечыць доўгатэрміновы рост. Без спынення вайны і паслаблення санкцый чакаць узнаўлення няма падставаў.
Нягледзячы на крытычнасць сітуацыі, з боку расейскіх уладаў няма ніякай рэакцыі. Крэмль прадаўжае дэманстраваць знешнюю стабільнасць, унікаючы прызнання маштабных праблемаў. Між тым эксперты папярэджваюць: назапашаная сістэмная рызыка можа выклікаць хвалю банкруцтваў і масавыя скарачэнні.
Такім чынам, коштам агрэсіўнай знешняй палітыкі стаў эканамічны крызіс унутры краіны. Вайна, якая доўжыцца ўжо больш за тры гады, вядзе Расею ў тупік, дзе бізнэс задыхаецца пад цяжарам пазык і фінансавых абавязальніцтваў.