Аперацыя УСУ ў Беларусі: Агучаны сцэнарый з уваходам у Менск
77- 28.06.2025, 10:21
- 62,888

«Было б вельмі цікава».
Ваенна-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка пракаментаваў пытанне, ці варта чакаць нечаканасцяў ад УСУ на тэрыторыі Расеі ці Беларусі.
«Цалкам магчымыя. Мы ніколі не адмаўляемся ад правядзення такіх дзеянняў на тэрыторыі ворага, таму што для нас гэта карысна і важна, нягледзячы на крытыку Курскай аперацыі», – падкрэсліў ён у інтэрв'ю «Главреду».
Эксперт упэўнены ў тым, што любыя аперацыі УСУ, падобныя да курскай, якія будуць мець падобны эфект, будуць карысныя для Украіны, прычым размова ідзе пра аперацыі не толькі на тэрыторыі РФ.
«Пакуль Беларусь не дае нам нагодаў для пачатку такой аперацыі на яе тэрыторыі. Калі з беларускай тэрыторыі будзе рэалізаваная нейкая пагроза, у нас будуць падставы распачаць аперацыю там. Пакуль што такіх падставаў няма», – не выключае ён.
Суразмоўца адзначае, што такая самая сітуацыя і з Прыднястроўем, адкуль зыходзіць пагроза для Украіны.
«Мы былі б толькі за тое, каб зачысціць Прыднястроўе, але павінна з'явіцца прычына, нагода задзейнічаць нашыя войскі, а таксама патрэбны адпаведны запыт ад Кішынёва», – растлумачыў ён.
Эксперт таксама ўпэўнены ў тым, што для пачатку аперацыі УСУ на беларускай тэрыторыі патрэбная нагода.
«Цяпер не 2022 год. Хіба што Лукашэнка нешта выкіне. А ён гэтага не зробіць… Хоць было б вельмі цікава, калі б падчас візіту Кіта Келага ў Менск Украіна пачала аперацыю на тэрыторыі Беларусі, дайшла б да Менска і прывезла б Келага да дачкі ў Кіеў. Гэта быў бы нумар. Так што я мяркую: такія аперацыі на тэрыторыі Расеі ці Беларусі цалкам магчымыя», – дадаў Каваленка.