FT: Нямеччына рыхтуе вызначальны ўдар па «Паўночным струменю»
6- 28.06.2025, 11:50
- 3,168

У заканадаўства могуць унесці змены, каб заблакаваць запуск.
Урад Фрыдрыха Мерца разглядае магчымасць змены заканадаўства, каб канчаткова выключыць запуск газаправодаў «Паўночны струмень», паведамляе Financial Times са спасылкай на перапіску Мінэканомікі ФРГ. Паводле інфармацыі выдання, у Берліне цяпер абмяркоўваецца ўнясенне паправак у нормы аб праверцы замежных інвестыцый – такім чынам улады хочуць не дапусціць змену ўласніка трубаправода, якая магла б стаць перадумовай да аднаўлення яго працы.
Ініцыятыва нямецкага кабміна ва ўзмацненні кантролю за патэнцыйнай зменай уладальнікаў наўпрост звязаная з інфармацыяй аб спробах бізнэсмэнаў, звязаных з Расеяй і ЗША, запусціць «Паўночны струмень» ізноў. У сакавіку FT пісала пра перамовы, якія вёў у тым ліку амерыканскі фінансіст Стывен Лінч – ён не хавае ўпэўненасці, што Еўропа рана ці позна вернецца да расейскага газу, а для гэтага, на ягоную думку, даволі аднавіць адну з нітак трубаправода. 6 траўня ён сустракаўся з прадстаўнікамі Мінэканомікі Нямеччыны. Установа прызнала гэты факт у адказе на запыт дэпутатаў ад партыі «Зялёных», але падкрэсліла, што гэта была неафіцыйная сустрэча ў рамках «звычайнага абмену меркаваннямі з экспертамі».
Цяпер Берлін сутыкаецца з абмежаваннямі ў магчымасцях умяшання: аператар газаправода Nord Stream 2 AG зарэгістраваны ў Швэйцарыі, і Нямеччына юрыдычна не кантралюе яго наўпрост. Пры гэтым дзейнае заканадаўства не дае ўладам дастатковых вагароў для таго, каб перашкодзіць патэнцыйнай перадачы актываў, – максімум, што можа зрабіць Нямеччына, гэта адмовіць у сертыфікацыі газаправода. Таму пытанне стаіць аб карэкціроўцы нарматыўнай базы, каб поўнасцю заблакаваць магчымасць перазапуску.
Газавая тэма па-ранейшаму застаецца балючай для нямецкай палітыкі. Ультраправая «Альтэрнатыва для Нямеччыны» актыўна выступае за аднаўленне паставак расейскага газу, гэтую ідэю падтрымліваюць і асобныя прадстаўнікі ХДЗ і СДПН, спасылаючыся на рост коштаў энэрганосьбітаў і ціск на прамысловасць. Аднак урад у афіцыйным адказе «Зялёным» падкрэслівае, што цалкам падтрымлівае палітыку Еўракамісіі ў паступовай адмове ад расейскага энэргазабеспячэння. «Нямеччына больш не набывае расейскі трубаправодны газ. Расейскі ЗПГ таксама не пастаўляецца на нямецкія тэрміналы», – гаворыцца ў заяве Мінэканомікі.
У верасні 2022 года на абодвух трубаправодах «Паўночнага струменю», якія злучаюць Расею і Нямеччыну па дне Балтыйскага мора, адбыліся выбухі. «Паўночны струмень – 1» цалкам выйшаў з працы, а ў «Паўночнага струменю – 2» ацалела толькі адна нітка. Да таго моманту ніводны з маршрутаў ужо не працаваў: першы знаходзіўся на планавым рамонце, а другі так і не быў уведзены ў эксплуатацыю пасля прызнання Крамлём «ДНР» і «ЛНР».
Паводле інфармацыі Financial Times, да ідэі аднаўлення «Паўночнага струменю – 2» быў датычны і Матыяс Варніг – даўні сябар Пуціна, былы супрацоўнік Штазі і генеральны дырэктар Nord Stream 2 AG. Ён, як пісала выданне, хацеў задзейнічаць амерыканскіх фундатараў і праз іх наладзіць камунікацыі паміж Расеяй і новай адміністрацыяй ЗША.