Эксклюзіў найвышэйшага гатунку: Прэзентаваны неверагодны «Гелендваген» для паляўнічых
12- 28.06.2025, 12:17
- 4,806

Аўто атрымала цюнінг у рэтрастылі для арыстакратаў.
Mercedes G-Class атрымаў новую шыкоўную версію. Эксклюзіўны пазадарожнік падрыхтавалі для «царскага» палявання.
Цюнінг «Гелендвагена» выканала польскае атэлье Carlex Design, якое праславілася раскошнымі праектамі на базе Mercedes G-Class. Падрабязнасці аўто раскрылі на ягоным сайце.
Пазадарожнік распрацавалі разам са швэдскім вытворцам дарагой паляўнічай зброі VO Vapen. Праект назвалі G-Viking.
Новы Mercedes G-Viking – аўто ў рэтрастылі для арыстакратаў. У традыцыях Carlex Design ягоны дах упрыгожылі гравіроўкай, гэтым разам абралі скандынаўскі ўзор. Колавыя дыскі выкананыя ў духу 50-х гадоў.


Салон «Гелендвагена» ўпрыгожылі дарогай пацінаванай скурай і ўсталявалі спартовыя пярэднія сядзенні. Гравіяваныя скандынаўскія ўзоры з'явіліся і ўнутры.
У багажніку ўстанавілі скрыні для зброі. У камплекце з Mercedes G-Viking ідуць чатыры паляўнічыя стрэльбы. Яны таксама ўпрыгожаныя гравіроўкай, а яшчэ аздоблены 24-каратным золатам.


За аснову ўзялі зараджаны Mercedes-AMG G63 з 4,0-літровым V8 твін-турба магутнасцю 585 к. с. Пазадарожнік здольны разагнацца да 100 км/г за 4,5 с і развіць 240 км/г. У Carlex Design распрацавалі для аўто нестандартны бакавы выхлап з 12 трубамі.