У Магілёве ўтварыўся «басейн» на даху шматпавярхоўкі
5- 28.06.2025, 12:41
- 3,354

Кватэры затапіла.
У Магілёве на даху дзевяціпавярховага дома №14 па Дняпроўскім бульвары нядаўна з'явіўся «басейн». Аўтар відэа, якое ў TikTok паглядзелі больш за 740 тысячаў разоў, кажа, што праблеме блізу чатырох гадоў, піша «Еврорадио».
Падобная сітуацыя выклікала затапленне кватэраў – у людзей сапсаваныя сцены, падлогі і мэбля. Жыхары скардзяцца ў розныя інстанцыі, але заўсёды чуюць адно і тое – чакайце, пакуль папрасыхае.
На днях перад прыходам журналістаў выдання mogilev.online ваду з даху злілі. Але з’явілася іншая праблема.
«У панядзелак раніцай прыйшоў майстар па ўчастку, ацаніў кватэру і папрасіў выдаліць відэа з TikTok, на што мы адказалі адмоўна. Але самае цікавае, што з 09.00 да 15.30 (за 6 з паловай гадзінаў) ніхто з рамонтнікаў так і не прыйшоў, увесь гэты час вада прадаўжала паступаць да нас у кватэру. Потым дах спустошылі ад вады, замяніўшы калена ліўнёўкі. У старым калене было каменне і нейкае смецце, якое перашкаджала правільнай працы ліўневай каналізацыі. Уся вада шчасна спусцілася ў скляпы жыхароў і затапіла іх», – расказаў жыхар дома.
Меркаванні каментатараў пад відэа падзяліліся. Некаторыя крытыкуюць жыхароў за тое, што тыя самі не прыбралі ваду з даху. Іншыя дзеляцца практычнымі парадамі – як за шкоду атрымаць грошы.
«Трэба ўсім застрахаваць кватэры ад патопу, пажадана ў многіх страхавых, вось яны потым ЖЭС задзяўбаюць пазовамі».
«ЖЭУ не працуе 24/7! 2 дні былі выходныя, яны таксама людзі! Здымаць відэа, паднімаць сабе на старонцы прагляды за кошт гэтага вы можаце, а развязаць праблему вы не змаглі самі! Вы мужчына, і маглі б самастойна паспрабаваць развязаць гэтую праблему, а не чакаць выходныя і псаваць сабе рамонт! Ёсць прыватныя паслугі сантэхніка, куды можна было звярнуцца! А не цяпер здымаць гэта ўсё і проста атрымліваць за гэта прагляды. Такое адчуванне, што не дарослыя людзі, а нейкі дзіцячы садок! Асабліва з боку мужчыны».