19 верасня 2025, Пятніца, 1:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саміт NATO даў Украіне магчымасць запусціць цэлы шэраг праектаў

Саміт NATO даў Украіне магчымасць запусціць цэлы шэраг праектаў

Эксперты ўдакладнілі дэталі.

У выніковым камюніке мінулага саміту NATO – у адрозненне ад леташняга – Украіна была згаданая толькі адзін раз. Але затое замест мноства гучных словаў альянс даў зялёнае святло шматлікім супольным украінска-еўрапейскім праектам у абароннай сферы, піша err.ee.

Да патрабавання Дональда Трампа пра павышэнне абаронных выдаткаў краінаў-чальцоў альянсу да 5% ад ВУП еўрапейскія хаўруснікі падышлі творча – з улікам сваёй прыхільнасці справе абароны Украіны.

«Можна інвеставаць у абаронную прамысловасць Украіны, і гэтыя інвестыцыі запісаць як выдаткі ў рамках NATO. На маю думку, гэта вельмі важная і эфектыўная дамоўленасць. Я нават у гэта не верыў. Я не верыў, што Трамп з гэтым пагодзіцца», – сказаў «Актуальнай камеры» кіраўнік Цэнтра новых геапалітычных даследаванняў Міхась Самусь.

«Гэты саміт насамрэч даў Украіне магчымасць запусціць цэлы шэраг праектаў з рознымі краінамі-ўдзельніцамі NATO, якія вельмі важныя і для перспектываў еўрапейскага абаронна-прамысловага комплексу. Мы бачым розныя супольныя праекты вытворчасці дронаў і іншых узбраенняў, якія да гэтага часу працавалі на тэрыторыі Украіны, але якія цяпер могуць працаваць і ў Еўропе», – сказаў эксперт у бяспецы Райнер Сакс.

«Магчымасці нашага ваенна-прамысловага комплексу ацэньваюцца на 35 млрд даляраў, а загружаны ён усяго на 15 млрд даляраў. Мы зацікаўленыя ў разгортванні вытворчасці за мяжой. Цяпер гэтыя прадпрыемствы будуць вырабляць узбраенні для задавальнення патрэбаў Украіны, але рана ці позна ўтвараюцца лішкі, якія пойдуць ужо ў еўрапейскія войскі. І калі будзе спыненне агню, то такая краіна ўжо будзе мець на сваёй тэрыторыі вытворчасць узбраенняў, якія прадэманстравалі сваю эфектыўнасць на полі бою», – сказаў выканальны дырэктар Цэнтра бяспекі і супрацоўніцтва Дзмітрый Жмайла.

Іншае важнае пытанне – залежнасць Украіны ад амерыканскіх комплексаў супрацьпаветранай абароны Patriot. Дональд Трамп не паабяцаў іх Украіне, але і не выключыў магчымасці іх пастаўкі.

«Яны размаўлялі пра гэта з амерыканцамі, і, наколькі мне вядома, атрымалі ветлівы адказ, што так, гэта магчыма. Але калі канкрэтна можна будзе што-небудзь набыць, ці будуць гэта толькі Patriot ці нешта яшчэ – гэта, відаць, пытанне двухбаковых дамоўленасцяў, пра якія аддаюць перавагу асабліва не распаўсюджвацца», – сказаў міністр абароны Эстоніі Ханна Пеўкур.

«Пытанне не ў тым, ці атрымае Украіна ад ЗША нейкія сістэмы СПА, а ў тых састарэлых сістэмах, выкарыстанне якіх Ізраіль спыніў і павінен іх перадаць ЗША для мадэрнізацыі і наступнага выкарыстання ва Украіне», – адзначыў Сакс.

«Я не думаю, што нам дадуць усе 25 сістэмаў, пра якія казаў прэзідэнт. Столькі нам неабходна, каб рэальна прыкрыць нашу тэрыторыю. Але некалькі сістэмаў мы ўсё ж атрымаем, асабліва для абароны цывільнай інфраструктуры», – сказаў Жмайла.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках