«Кадыраўцы» збілі супрацоўніка вайсковай паліцыі РФ, які спыніў іх за парушэнне ПДР
- 28.06.2025, 14:42
- 12,818

Напад адбыўся ў Белгародскай вобласці.
У Белгародскай вобласці (Расея) байцы чачэнскіх сілавых структураў збілі супрацоўніка вайсковай паліцыі РФ пасля таго, як ён спыніў іх аўтамабіль, які рухаўся без нумароў і па сустрэчнай паласе. Пра гэта паведамілі Z-каналы, якія распаўсюдзілі відэа здарэння, звярнула ўвагу «Агенцтва», што ўстанавіла асобаў удзельнікаў збіцця.
Інцыдэнт адбыўся за 30 км ад мяжы з Украінай проста на посце Ваеннай аўтамабільнай інспекцыі (ВАІ), дзе таксама знаходзіліся супрацоўнікі Расгвардыі і іншыя прадстаўнікі вайсковай паліцыі. Аднак яны палічылі за лепшае не ўмешвацца, калі чачэнцы збівалі іх калегу, і стаялі, нібы нічога не адбываецца.

На кадрах відаць, як супрацоўнік ВАІ тлумачыць мужчыну з нашыўкай «Таліб», што спынены ім кіроўца парушыў ПДР і адмовіўся прад'явіць дакументы. «Таліб» задаў паліцыянту пытанне: «Вы ніколі не парушаеце?» Пасля адмоўнага адказу размова скончылася. Аднак праз некалькі хвілінаў на пост прыбыў мужчына на чорнай Toyota Land Cruiser, які назваўся «старэйшым». Ён звярнуўся да паліцыянта з фразай: «Ты такі круты, ці што, б***ь?», пасля чаго «Таліб» пачаў збіваць інспектара, у тым ліку, калі той ужо апынуўся на зямлі.
У фінале відэа нападнік, закончыўшы збіццё паліцыянта, якое доўжылася блізу хвіліны, кажа: «Прасцей размаўляй. Яшчэ раз непавага будзе ў наш бок, тады мы паглядзім. Сам напрасіўся. Даўно вы, б***ь, хацелі гэтага».
«Агенцтва» вызначыла асобаў актыўных удзельнікаў канфлікту. Усе яны – байцы чачэнскіх падраздзяленняў, адзін з іх да чэрвеня 2023 года быў кіраўніком аховы Хамзата Кадырава – пляменніка кіраўніка Чачні.
Z-блогеры негатыўна адрэагавалі на ролік. Так, напрыклад, тэлеграм-канал «Белорусский силовик» напісаў: «Зноў чачэнцы».
«Сістэматычна ахерэлыя проста павінны былі быць публічна пакараныя», – мяркуе z-канал, набліжаны да беларускіх сілавікоў.
«Два маёры» задаліся пытаннем, хто павінен адказваць за тое, што здарылася: «Вярхоўны? Кадыраў? Алаўдзінаў? Расейская супольнасць? Пакараць трэба ўсіх. Адных – за бардак і адкрытае бязмежжа, другіх – за сапляжуйства».
А экс-кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Павел Губараў у сябе ў канале папрасіў кіраўніка спецназу «Ахмат» Апці Алаўдзінава даць тлумачэнні.