ГУВ: Расея кінула на фронт старыя танкі Т-62
3- 28.06.2025, 14:55
- 8,174

Тэхнічны стан большасці гэтых машынаў нездавальняльны.
Расея адчувае нястачу сучаснай браняванай тэхнікі. Таму акупанты вымушаныя кідаць на фронт старыя танкі Т-62.
Пра гэта паведамляе ГУВ Мінабароны Украіны ў Telegram.
Як адзначаецца, РФ праз сур'ёзныя страты на вайне супраць Украіны звяртаецца да масавага раскансервавання састарэлых баявых машынаў.
На фоне знясілення рэзерваў тэхнікі 1970-х гадоў выпуску камандаванне Расеі пачало актыўнае вяртанне да эксплуатацыі яшчэ больш старых узораў, напрыклад танкаў тыпу Т-62.
«Аднаўленне гэтых машынаў адбываецца пераважна на базе 103-га бронятанкавага рамонтнага завода, размешчанага ў пгт Атаманаўка Забайкальскага краю. Пастаўка танкаў Т-62 у зону баявых дзеянняў ажыццяўляецца галоўным чынам са складоў усходняй ваеннай акругі», – гаворыцца ў паведамленні.
Украінская выведка зафіксавала перакідку 21 адзінкі танкаў Т-62 з усходняй ваеннай акругі ў еўрапейскую частку РФ 27 чэрвеня.
Паводле звестак ГУВ, тэхнічны стан большасці гэтых машынаў – нездавальняльны, паколькі танкі дзесяцігоддзямі захоўваліся пад адкрытым небам, без тэхнічнага абслугоўвання. Аднак праз вострую нястачу сучасных асноўных баявых танкаў, такіх як Т-90М і Т-72Б3М, ужыванне Т-62 разглядаецца як часовае, але змушанае выйсце.
«На практыцы Т-62 выкарыстоўваюцца не толькі як актыўныя баявыя адзінкі, але і як стацыянарныя агнявыя пункты для ўмацавання абарончых пазіцый», – дадалі ў выведцы.