У Беларусі ў барацьбе з «дармаедамі» сталі задзейнічаць праваслаўных бацюшак
24- 28.06.2025, 15:11
- 6,914
З'явілася фота з Мастоў.
У апошні час рэжым Лукашэнкі знайшоў яшчэ адно ўжыванне святарам БПЦ. Цяпер дзяржава залучае іх у барацьбу з «дармаедамі», заўважыў ТГ-канал «Хрысціянская візія», паведамляе «Еўрарадыё».
«Падчас групавога выхаваўчага мерапрыемства ў райаддзеле міліцыі да іх спрабавалі “дастукацца” першы намеснік кіраўніка Мастоўскага РАУС, намеснік кіраўніка ўправы працы, занятасці і сацыяльнай абароны, псіхолаг ЦСАН, настаяцель храма іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць”», – расказвае пра сустрэчу з «працаздольнымі грамадзянамі, не занятымі ў эканоміцы» Інстаграм мастоўскіх чыноўнікаў.
Падобныя мерапрыемствы праводзяцца ў рамках рэспубліканскай кампаніі: раённыя аддзелы ўнутраных справаў супольна з управамі ў працы і занятасці, раённымі камісіямі спрыяння ў працаўладкаванні «адпрацоўваюць грамадзянаў», якія знаходзяцца ў базе незанятых у эканоміцы.
З 1 красавіка 2025 года МУС рэалізуе «Комплекс дадатковых захадаў у аказанні прафілактычнага ўздзеяння ў дачыненні да працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы». Беспрацоўных, якія ўважаюцца ў спісах за «незанятых у эканоміцы» масава выклікаюць у РАУС, а адтуль выпраўляюць у Цэнтры занятасці для працаўладкавання.
