У расейскім «Газпраме» не ведаюць, куды падзець 60 мільярдаў кубаметраў нераспрададзенага газу
10- 11,232

"Газпрам" пакінулі без магчымасці прадаваць газ.
Пасля страты еўрапейскага рынку і правалу спроб заключыць новы кантракт з Кітаем "Газпрам" назапасіў лішкі газу на дзясяткі мільярдаў кубаметраў, і ўлады спрабуюць зразумець, як ім можна знайсці прымяненне, паведамляе Reuters са спасылкай на расейскіх чыноўнікаў і топ-мэнэджараў кампаніі.
Летась здабыча "Газпрама" склала 416,19 млрд кубаметраў, з якіх толькі 355,23 млрд удалося прадаць на замежным і ўнутраным рынках. У выніку ў "Газпрам" засталося амаль 60 млрд кубаметраў нерэалізаванага газу - аб'ём, супастаўны з гадавой здабычай некаторых газаздабыўных краін (55 млрд кубаметраў у ААЭ) і ўтрая перавышае гадавое спажыванне, напрыклад, у Польшчы (20 млрд кубоў), піша The Moscow Times.
Сітуацыя ў паўночных рэгіёнах, дзе размешчаны радовішчы "Газпрама", блізкая да крытычнага пункта. Раней паўмільярда кубаметраў газу штодня гойдалася па трубаправодах у Еўропу, а цяпер гэтага экспарту няма, і "вельмі надзённа стаіць пытанне, што з гэтым газам рабіць", заявіў на ПМЭФ-2025 кіраўнік Мінусходразвіцця Аляксей Чакункоў.
З ягоных слоў, адным з варыянтаў можа быць выкарыстанне газу для вытворчасці электраэнэргіі пад індустрыю штучнага інтэлекту і блокчэйна. Але ў Мінэнерга ўважаюць такі праект нерэнтабельным: для дата-цэнтраў газ занадта дарагая крыніца энэргіі, заявіў на ПМЭФ намеснік кіраўніка ведамства Павел Сарокін. На яго думку, лішні газ "Газпрама" варта накіраваць на падтрымку вугальнай прамысловасці, якая атрымала 200 млрд рублёў страт з пачатку 2023 года і знаходзіцца на парозе банкруцтваў. "Мы можам будаваць (газавыя) электрастанцыі ў (вугальных) шахт", – прапанаваў Сарокін.
«Газпрам», які валодае найбуйнымі ў свеце запасамі газу, застаўся без магчымасці яго прадаваць. І становішча кампаніі «адчайнае», уважае экспэрт у нафтагазавым рынку Міхаіл Круціхін.
Экспарт у Еўропу, які дасягаў на піку 200 млрд кубаметраў у год, зараз ледзь-ледзь перавышае 30 млрд кубоў і трымаецца на мінімумах з другой паловы 1970х. А сёлета можа знізіцца яшчэ больш праз спыненне транзіту праз Украіну. Газаправод "Сіла Сібіры", нават пасля выхаду на поўную магутнасць (38 млрд кубаметраў), кампенсуе толькі пятую частку страчаных аб'ёмаў. Гады перамоў з Кітаем аб новым газавым кантракце так і не прывялі да выніку, а следам праваліўся праект газавага хаба ў Турцыі.
У студзені Пуцін абвясціў аб планах прадаваць 55 млрд кубаметраў газу ў год у Іран. Але гэты разлік «наўрад ці апраўданы», уважае Круціхін: «Па-першае, Іран не гатовы станавіцца пасярэднікам у рээкспарце газпрамаўскага газу - у яго самога гэтага газу больш чым дастаткова, а варыянтаў продажу яго за мяжу фактычна няма. Па-другое, рэалізацыя расейскага газу на ўнутраным іранскім рынку - справа камерцыйна безнадзейная, улічваючы вельмі нізкія субсідаваныя кошты».
У 2023 годзе «Газпрам» атрымаў рэкордную ў сваёй гісторыі страту - 629 млрд рублёў па МСФС. Па выніках мінулага года кампанія зрабіла справаздачу аб прыбытку, але газавы бізнес "Газпрама" застаўся ў глыбокім мінусе і прынёс яшчэ 1 трлн рублёў страт. Каб залатаць бюджэт манаполіі, улады ў 2022-24 гг на 24% паднялі газавыя тарыфы для насельніцтва, а на 2025-28 гг запланавалі павышэнне яшчэ на 46%.
«Агульная карціна складаецца не на карысць «Газпрама», - канстатуе Круціхін. - Каласальныя запасы газу (самыя вялікія ў свеце) манетызаваць не атрымліваецца. Даверу да надзейнасці гэтага пастаўшчыка ні ў кога няма. А калі цудам нешта атрымаецца ў яго з кітайцамі, то прыбыткі ад паставак не акупяць ні будаўніцтва газатранспартнай інфраструктуры, ні нават аперацыйных выдаткаў на здабычу і транспарціроўку газу».