12 лiпеня 2025, Субота, 22:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Скасуйце наш запіс, пачакаем сонца»

1
«Скасуйце наш запіс, пачакаем сонца»

Як беларускі бізнэс спраўляецца з халодным летам.

Беларускі чэрвень сёлета ніяк не зразумее, што насамрэч ён летні месяц. Дзесьці на гарызонце ўжо бачыцца пацяпленне, і можна будзе зняць курткі - добрая навіна для ўсіх, а асабліва - для некаторых бізнэсаў, якія прывыклі зарабляць у летні сезон, але пакуль проста цярпяць і чакаюць. Зрэшты, камусьці надвор'е, наадварот, падняло продажы, піша «Онлайнер».

«Раней прыбытак рос на 40-50%»

Дыяна - уладальніца студыі грумінгу Pets у Менску. Звычайна сезон для яе бізнэсу пачынаецца з надыходам цяпла - сёлета ўсё пайшло паводле іншага сцэнару.

- Многія думаюць, што, як толькі тэмпература расце, іх сабачкам становіцца горача, і іх вядуць тэрмінова стрыгчыся. Пачынаецца вялікая загрузка і бясконцая плынь кліентаў. Сёлета такое яшчэ не пачалося. Усё ціха, стандартна, - распавядае Дыяна.

Дажджы, якія ўжо некалькі разоў паспелі наляцець на Менск, таксама не дапамагаюць закрыць усе акенцы з запісамі.

- Ніхто не хоча прыводзіць гадаванца на грумінг, каб потым патрапіць пад дождж і зноў дома перамываць сабачку. Бывае, тэлефануюць і проста кажуць: «Пачакаем сонейка, а пакуль скасуйце наш запіс». Вось такая цікавая нечаканая заканамернасць сёлета ў нас атрымліваецца.

Такое надвор'е не дапамагае бізнэсу, але ёсць надзея, што беларусы яшчэ ўбачаць паўнавартаснае лета.

- У параўнанні з халодным перыядам у мінулыя гады прыбытак павялічваўся на 40-50%. Сёлета розніца з зімой значна меншая. Магчыма, людзі ў чаканні сапраўднага лета, і мы ўсё яшчэ навярстаем, калі ўсім тэрмінова трэба будзе карацей.

«Як толькі стане 25, не будзе ніводнага акенца»

Пра тое, што кліенты пакуль адкладаюць запіс, расказвае і Ірына, якая працуе ў адным з менскіх салонаў прыгажосці. Яна робіць манікюр і педыкюр - і апошняя паслуга цяпер не так запатрабаваная, як звычайна гэта бывае ў чэрвені.

- Многія робяць педыкюр увесь год, але відавочна, што гэта адбываецца радзей і не ўсе робяць пакрыццё. Калі прагноз абяцае басаножкі, то ніводнага педыкюрнага крэсла не пустуе праз наплыў кліентак, і гэта зразумела.

На заробках майстроў гэта таксама адбіваецца, але Ірына кажа, што не драматызуе сітуацыю - проста разлічвала на загрузку больш, чым зімой і вясной.

- Як толькі стане +25, не будзе ніводнага акенца на запіс, адразу ўзнікне ажыятаж. Плюс пойдзе сезон вяселляў, і людзі будуць выкладваць грошы на пазногці, прычоскі і макіяж.

«Людзі хочуць глядзець дома фільм пад пледам»

У кавярні 7 cups прыбытак таксама крыху знізіўся ў параўнанні з мінулым летам, і гэта звязваюць з надвор'ем — у цёплы час людзі часцей кудысьці выбіраюцца і заходзяць на каву.

- Я думаю, надвор'е паўплывала, многія людзі застаюцца дома. Цяпер такое надвор'е, што хочацца атуліцца цёплым пледам і глядзець фільм, - кажа Наталля.

Хоць кавярня - гэта не выключна сезонны бізнэс, але са змяненнем надвор'я мяняюцца і чэкі гасцей. Зараз, нягледзячы на каляндарнае лета, запатрабаванае сытнае меню, а вось па халодныя напоі чэргі станавіцца не спяшаюцца.

- Змена цяпла на холад і наадварот на нас уплывае, калі госці пачынаюць гуляць менш ці больш. У цёплы час найболей запатрабаванымі напоямі становяцца бамбл, айс-латэ, ліманады. Часам не паспяваў працаваць лёдагенератар.

Агулам для кававага бізнэсу лета - добры час, мяркуе Наталля, хоць цяпер і ёсць часовыя цяжкасці. З яе слоў, ратуюць сталыя кліенты і моцная каманда, якая настроеная працаваць.

- Прыбытак цяпер ніжэйшы ў параўнанні з аналагічным месяцам летась, але мы ведаем, што ўсё будзе добра, і захоўваем аптымізм, - кажа Наталля.

Лета – найлепшы сезон для продажаў, расказвалі нам летась хлопцы з Pizza Truck з неапалітанскімі піцамі. Што чуваць зараз?

- Скажам так: у нас попыт, у параўнанні з мінулымі гадамі, не ўпаў, але мы настройваліся на значна лепшы сезон. Калі надвор'е падобнае на летні варыянт, продажы могуць павялічвацца на адсоткаў 30%.

Але надвор'е нам непадуладнае, таму маем тое, што ёсць. Спадзяемся на цёплую восень, магчыма, да канца кастрычніка надвор'е нас будзе больш радаваць.

Ці не ўсё так дрэнна?

Аляксей - уладальнік міні-кавярні навынас «Бліновая лабараторыя» ў пераходзе каля метро «Уручча» і адзін з тых, каму халоднае лета дапамагло.

- У 2015-2016 гадах прадавалі бліны ў парках у прычэпах, а потым надумалі з жонкай адкрыць сваю справу. Халоднае лета сапраўды паўплывала на наш бізнэс, але не так, як можна было чакаць, - у нас значна выраслі продажы.

Звычайна сезоннасць для бізнэсу адчувальная. У цёплы час (травень - верасень) попыт ссоўваецца ў бок халодных напояў (напрыклад, ліманады, смузі) і лёгкіх начынняў (напрыклад, свежая садавіна, мяккія сыры). У халодны час традыцыйна продажы растуць за кошт сытных варыянтаў - мяса, грыбы, гарачыя сыры, а таксама за кошт кавы і гарбаты.

Але сёлета ўсё пайшло не паводле плану. Хоць звычайна ўлетку попыт на гарачыя бліны змяншаецца, у чэрвені людзі, наадварот, сталі ахвотней купляць сытныя сагравальныя перакусы.

- Мы заўважылі, што павялічылася колькасць заказаў, прыкладна на 25-30%, кліенты часцей выбіраюць цёплыя начынні (сыр, грыбы, мяса), таксама стала больш заказаў праз анлайн-сэрвісы. Для нас гэта стала прыемнай нечаканасцю, і мы нават крыху ўзмацнілі вытворчасць, каб паспяваць за попытам.

Аляксей кажа, што попыт пачаў расці ўжо ў траўні, калі тэмпература не ўзнімалася вышэй за плюс 15—18 градусаў.

- Кліенты часцей пыталіся нешта «больш гарачае», а мінакі зазіралі з фразай «Так холадна, трэба сагрэцца!».

- Ці стала такая сітуацыя сюрпрызам?

- Шчыра, мы не разлічвалі на такі эфект. Звычайна ўлетку стаўка робіцца на прахалодныя напоі, бо ў спякоту зніжаецца апетыт. З аднаго боку, радасць ад нечаканага ўздыму, з іншага - давялося хутка перабудоўвацца: аптымізаваць падрыхтоўку начынняў (падрыхтоўка начынняў загадзя і ў павялічаным аб'ёме), узялі аднаго супрацоўніка на падпрацоўку, але ў асноўным спраўляемся саматугам.

Калі наступіць спякота, у нас няма асобнага летняга меню, але мы заўсёды гатовыя эксперыментаваць. Калі б лета было гарачым, магчыма, запусцілі б нешта, напрыклад халодныя блін-ролы або фруктовыя асарці.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках