Украіна паўторна атакавала вайсковы аэрадром РФ пад Краснадарам
- 29.06.2025, 11:19
- 5,840

Беспілотнікі атакавалі авіябазу Кушчэўскую.
Украіна працягвае наносіць кропкавыя ўдары па вайсковай інфраструктуры Расеі, на гэты раз пад прыцэлам апынуўся аэрадром Кушчэўская, што ў Краснадарскім краі.
Інфармацыю пацвердзіла расейскае выданне ASTRA, спасылаючыся на інфармаваныя крыніцы на месцы. Удар, як паведамляецца, быў нанесены апоўначы на 25 чэрвеня.
Вайсковы аэрадром атакавалі беспілотнікі. Адзін з дронаў прарваўся да цэлі і знішчыў электрападстанцыю, якая забяспечвала базу энэргіяй.

Крыніцы сцвярджаюць, што абышлося без пацярпелых. Аб выбухах у гэтым раёне мясцовыя жыхары паведамлялі яшчэ ў тую ж ноч, аднак афіцыйнага пацвярджэння тады не паступала.
Цяпер крыніцы ў расейскім МНС пацвердзілі сам факт атакі і характар пашкоджанняў.
Кушчэўская - не новая цэль для ўкраінскіх удараў. У красавіку 2024 года ў выніку атакі там былі пашкоджаны вайсковыя самалёты, а ў траўні - звышгукавы знішчальнік «СУ-27» і інфраструктурныя аб'екты на тэрыторыі базы.
Атака на электрападстанцыю можа значна паўплываць на функцыянаванне аэрадрома, бо бесперабойнае энэргазабеспячэнне крытычна важнае для запуску і абслугоўвання авіяцыйнай тэхнікі, сістэм сувязі і РЭБ.