Прыправы з кішачнай палачкай знойдзеныя ў Беларусі
4- 29.06.2025, 12:36
- 7,510

Праверце свае запасы.
Дзяржстандарт працягвае вывучаць прылаўкі крам і папаўняць рэестр небяспечнай прадукцыі, паведамляе «Точка».
На гэты раз спецыялісты здолелі знайсці ў прыправах беларускай вытворчасці небяспечныя для здароўя чалавека бактэрыі і мікраарганізмы.
Так, гаворка ідзе пра спецыі вытворчасці «Івацэвіцкага райпа». З 1 ліпеня пад забарону трапілі «Хатняя» і «Беларуская» сумесі.


Паводле інфармацыі Дзяржстандарта, у прадукцыі выяўленыя бактэрыі групы кішачнай палачкі і сульфітрэдуцыруючыя кластрыдыі, здольныя выклікаць сур'ёзныя праблемы ў страўнікава-кішачным тракце.
Больш за тое, у пакеціках знайшлася цвіль — у 10 разоў большая за дапушчальную норму.
Расейская «замарозка» - туды ж
У няласцы спецыялістаў таксама некалькі паўфабрыкатаў расейскіх вытворцаў.

Напрыклад, замарожаная піца вытворчасці «Шчаўкоўскага МПК».
У прадукце знойдзена ў 12 разоў больш мезафільных аэробных і факультатыўна-анаэробных мікраарганізмаў ад дапушчальнага іх ліку. Кішачная палачка склала мікробам дрэнную кампанію.

З такімі ж парушэннямі трапіліся разанскія бліны: тварожныя і з мясам. У першым выпадку дапушчальныя нормы перавышаныя ў 35 разоў, у другім - у 10.
Раней прадукцыю разанскай фабрыкі «Ліна» ўжо лавілі ў Беларусі за дрэнную якасць.