У Беларусь спрабавалі завезці сотню кілаграмаў гашышу
10- 29.06.2025, 13:06
- 4,822

Спрабавалі замаскаваць пад грушавае пюрэ.
Мытнікі спынілі ўвоз у Беларусь з Еўразвяза амаль 100 кг гашышу. У перамяшчэнні наркотыкаў былі задзейнічаныя літоўцы і беларусы, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.
У пункт пропуску «Каменны Лог» для афармлення прыбыў грузавік літоўскага перавозчыка з таварам «канцэнтраванае пюрэ». Аднак пры аглядзе аўто мытнікі знайшлі буйную партыю гашышу. 180 вакуумных упаковак з наркотыкам былі схаваныя ў пустой прасторы пад падлогай грузавіка.
Як паведамляе Мытны камітэт, арганізатарамі злачыннай групы выявіліся літоўцы. Таксама затрыманыя беларусы: яны ўзятыя пад варту.
«Гарадзенскай рэгіянальнай мытняй распачатая крымінальная справа паводле прыкмет злачынства, прадугледжанага ч.2 арт.328-1 КК Рэспублікі Беларусь. Санкцыя артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да 10 гадоў», - сказана ў паведамленні ведамства.


