ПСЖ перамог клуб Месі і выйшаў у чвэрцьфінал клубнага чэмпіянату свету
- 29.06.2025, 21:14
- 3,448

Матч у Атланце завяршыўся з лікам 4:0.
«Пары Сен-Жэрмэн» упэўнена перамог «Інтэр Маямі» ў 1/8 фіналу клубнага чэмпіянату свету, які праходзіць у ЗША.
Матч у Атланце (штат Джорджыя) закончыўся з лікам 4:0. Дубль аформіў Жаау Нэвеш (6-я і 39-я хвіліны), яшчэ адзін гол на рахунку Ашрафа Хакімі (45+3).
На 44-й хвіліне мяч уляцеў у вароты «Інтэр Маямі» ад яго абаронцы Томаса Авілеса.
Лідар «Інтэр Маямі» Ліянэль Месі выйшаў на поле ў стартавым складзе, але яго гульня супраць былога клуба не была паспяховай.
Наступны супернік ПСЖ вызначыцца ў матчы мюнхенскай «Баварыі» і бразільскага «Фламенга» (пачатак а 23:00 паводле Менску).
Месі выступаў за ПСЖ у 2021-2023 гадах, двойчы выйграў з ім чэмпіянат Францыі і адзін раз - Суперкубак.
Клубны чэмпіянат свету ўпершыню праводзяць з удзелам 32 каманд.