УСУ кантралююць выспы на Херсоншчыне
- 29.06.2025, 21:36
- 3,700

Украінскія жаўнеры паспяхова адбіваюць атакі расейскіх акупантаў.
Украінскія абаронцы кантралююць пераважную большасць выспаў у пойме Дняпра ў Херсонскай вобласці і паспяхова зрываюць спробы расейцаў высадзіцца на гэтыя тэрыторыі. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Сіл абароны поўдня Уладзіслаў Валошын у эфіры тэлемарафону.
«Астраўная зона ў пераважнай большасці знаходзіцца пад кантролем Сіл абароны Украіны. Супраціўнік некалькі дзён запар спрабаваў высадзіцца ў паўднёвай зоне - там, дзе выспы Нястрыга, Казуліскі, Забіч. Ён спрабаваў толькі высадзіцца, я ўжо не кажу пра тое, што можа і меў на мэце захоп плацдарму - усе спробы яго былі беспаспяховымі», - адзначыў Валошын.
Ля Антонаўскіх мастоў расейцы таксама спрабуюць прасоўвацца, аднак таксама безвынікова, паколькі Сілы абароны Украіны знішчаюць ворага.
Асноўная мэта ворага на гэтым напрамку - эвакуацыя стратаў і спробы падтрымаць лагістыку сваіх падраздзяленняў, якія зараз знаходзяцца на херсонскім напрамку, таму што Сілы абароны не даюць ім дзейнічаць і ўвасабляць свае планы ў жыццё.
Валошын дадаў, што зараз армія РФ збірае сілы для штурмаў малымі групамі.
«Вораг збірае шмат такой пяхоты, каб штурмавыя дзеянні працягваліся ўвесь час, каб былі штурмы высокай інтэнсіўнасці. Акрамя таго, паводле звестак нашай выведкі, супернік перакінуў туды… дадатковы полк… Але я хачу вас запэўніць, што полк - гэта не вельмі шмат для таго, каб праводзіць нейкія сур'ёзныя маштабныя наступальныя дзеянні. Прасцей кажучы, мы яго таксама знішчым, як і астатнія расейскія падраздзяленні», - адзначыў прадстаўнік.