Колькі каштуе летні адпачынак за мяжой з вылетам з Менска
3- 3.06.2025, 10:18
- 3,612

Турцыя - ад 1 600 еўраў, Егіпет — блізу 1800 даляраў, і «танны» Тайланд.
Турфірмы Беларусі назвалі кошт адпачынку ў Егіпце, Турцыі, Балгарыі летам 2025.
Важна разумець: адназначную «сярэднюю цану» назваць складана. На яе ўплывае вельмі шмат чыннікаў - узровень гатэля, колькасць зорак, якасць абслугоўвання, харчавання, напояў, адлегласць да пляжу, час трансферу з аэрапорта і іншыя дробязі, распавядае «КП».
Адпачынак у Егіпце
Паводле інфармацыі ад менскага турагенцтва, у пачатку летняга сезона тур у Егіпет на 9-10 начэй каштавацьме мінімум 1800 даляраў. Пры гэтым гаворка ідзе аб гатэлі сярэдняга ўзроўню. Калі хочацца лепшых умоў, то варта рыхтавацца да сумы ад 2000-2200 даляраў на дваіх (з вылетам з Менска).
Адпачынак у Турцыі
Турцыя застаецца адным з самых папулярных кірункаў у беларусаў. Для тых, хто выбірае адпачынак паводле сістэмы «ўсё ўключана» з вылетам з Менска чартарам, цана ў пачатку лета стартуе ад 1600-1800 еўраў за 9-10 начэй на дваіх — гэта самы просты варыянт. Больш камфортныя гатэлі каштавацьме ад 2000 еўраў.
Адпачынак у Тайландзе
Беларусы ўсё часцей выбіраюць Тайланд. Цяпер там сезон дажджоў, таму трэба быць гатовым да вільготнага надвор'я, хоць дажджы і не ідуць увесь час.
Са слоў турагентаў, цяпер найбольш выгадна ляцець у Тайланд з Масквы — гэта дазваляе прыкметна зэканоміць. Кошт тура на дваіх (9-10 начэй) — ад 1600-1800 еўраў. У «высокі сезон», калі дажджы скончацца, аналагічны тур можа каштаваць ад 2300 еўраў.
Адпачынак у Балгарыі
Балгарыя - адзін з цікавых варыянтаў сезона-2025, са слоў спецыялістаў. Вылет адбываецца з Вільні ці Варшавы, а шэраг турфірмаў дапамагае з атрыманнем шэнгенскай візы, каб паехаць у Літву ці Польшчу і ўжо адтуль ляцець у Балгарыю.
Кошт адпачынку на дваіх - ад 1200 еўраў. Але ёсць момант: візавую падтрымку даюць у асноўным для тураў на ліпень 2025 года, таму, калі адпачынак плануецца на гэты месяц — самы час займацца арганізацыяй.
Адпачынак у Чарнагорыі
Таксама беларускія турагенцтвы прапануюць адпачынак у Чарнагорыі - вылет з Менска з перасадкай у Стамбуле. Але кошты не самыя даступныя: ад 2500 еўра на дваіх і гэта — без уключанага харчавання.