BI: Сонныя дроны «Павуціння» СБУ могуць атакаваць зноў
9- 3.06.2025, 12:05
- 10,280

Унікальная тактыка Украіны здольная змяніць правілы вайны.
Украіна правяла атаку, якая можа змяніць правілы вайны - і не толькі для Расеі. Новы падыход, ужыты Службай бяспекі Украіны да ўдару па чатырох вайсковых аэрадромах у Расеі, вывеў тактыку дронавых нападаў на новы ўзровень, піша Business Insider.
«Гэтая атака - акно ў будучую вайну», - мяркуе Джэймс Патан Роджэрс, дырэктар Інстытута тэхналагічнай палітыкі Корнэла.
З паведамлення СБУ, украінскія аператыўнікі кантрабандай завезлі квадракоптэры на тэрыторыю Расеі - дроны былі схаваныя ў драўляных збудаваннях, якія імітуюць дамкі. У такім выглядзе іх устанавілі на грузавікі, якія пад'ехалі максімальна блізка да аэрадромаў - Белая, Дзягілева, Аленья ды Іванава. Пасля дыстанцыйнага адкрыцця дахаў дроны ўзляцелі і знішчылі цэлі. Паводле папярэдніх ацэнак, пашкоджана да 41 самалёта. Страты - да $ 7 млрд.
Паветраная абарона не паспела адрэагаваць
У адрозненне ад папярэдніх нападаў дронаў з вялікай адлегласці, новая аперацыя сканцэнтравана на мінімізацыі шляху да цэлі. Дроны фактычна запускаліся ўжо непасрэдна з тэрыторыі Расеі, у абыход С-300 і С-400.
Джасцін Бронк з Каралеўскага інстытута абаронных даследаванняў сказаў:
«Гэта надзвычайны поспех для ўкраінскіх спецслужбаў»
Былы кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс падкрэсліў: «Маштаб і вынаходлівасць гэтай атакі паказваюць, што Украіна цяпер менш залежыць ад заходняй падтрымкі». Паводле ягоных слоў, удар быў ажыццёўлены без прыкметнай лагістычнай або выведвальнай дапамогі супольнікаў.
Пагроза глыбока ў тыле
Самы аддалены з пашкоджаных аэрадромаў - «Белаяю, Іркуцкая вобласць, больш за 2500 км ад украінскай мяжы. Да гэтага дроны даляталі максімум на 1100 км. Гэта значыць Расея страціла адчуванне бяспекі нават у глыбокім тыле.
Бронк адзначае, што калі нават палова са знішчаных самалётаў - гэта бамбавікі Ту-95 і Ту-160, гэта істотна знізіць здольнасць РФ запускаць крылатыя ракеты па ўкраінскіх аб'ектах.
Большасць самалётаў былі прыпаркаваныя на адкрытай тэрыторыі. Расея спрабавала выкарыстоўваць імправізаваныя сродкі маскіроўкі - у прыватнасці, клала шыны на крылы, - але гэта не перашкодзіла атацы.
Недахоп схованак - праблема не толькі Расеі. У ЗША, напрыклад, у сучасным паветраным флоце таксама адсутнічае дастатковая колькасць ангараў для абароны авіяцыі.
«Сонныя» дроны і новая фаза вайны
Украіна не раскрывае, як менавіта правезла дроны на тэрыторыю РФ, але гэта паказвае на ўразлівасць расейскай лагістыкі. Патан Роджэрс дадаў:
«Пытанне ў тым, колькі яшчэ такога «павуціння» там чакае сваёй часіны».
Карл Разандэр, сузаснавальнік Nordic Air Defence, папярэджвае: гэта толькі пачатак. Дроны могуць заставацца «соннымі» на варожай тэрыторыі і быць актываванымі ў самы ўразлівы момант. І гэтая тактыка можа быць выкарыстаная супраць іншых краін - уключаючы NATO.