Літва перастала прызнаваць небіяметрычныя пашпарты расейцаў
4- 3.06.2025, 16:57
- 6,698

Ці закране гэта беларусаў.
З 1 чэрвеня Літва перастала прызнаваць расейскія небіяметрычныя пашпарты. Цяпер з імі нельга патрапіць на тэрыторыю гэтай краіны. Тым, у каго ёсць дазвол на жыхарства ў Літве ці іншай краіне Еўразвязу, неабходна абмяняць старыя дакументы на біяметрычныя да 1 снежня гэтага года. Ці закране гэта беларусаў? Журналісты «Зеркала» даведаліся ў Міністэрстве замежных спраў Літвы.
На пытанне, ці плануецца ўвядзенне такіх захадаў у дачыненні да беларусаў, у прэс-службе Міністэрства замежных спраў адказалі коратка:
- Пытанне аб непрызнанні небіяметрычных пашпартоў грамадзян Беларусі цяпер не разглядаецца.
Нагадаем, пра тое, што Літва перастане прызнаваць расейскія пасведчанні асобы без біяметрычных звестак, стала вядома 23 траўня. Гэта супольны загад міністраў замежных спраў і ўнутраных спраў краіны. Цяпер на тэрыторыю Літвы пусцяць з такім дакументам, толькі калі яго ўладальнік едзе транзітам з Калінінградскай вобласці на іншую тэрыторыю Расеі і наадварот. Таксама выключэнне ў індывідуальным парадку могуць зрабіць для прадстаўнікоў расейскай апазіцыі, незалежных СМІ ці актывістаў.
- Пашпарты без біяметрычных звестак не маюць сучасных функцый бяспекі і іх лягчэй падрабіць, таму яны ўяўляюць большую рызыку незаконнага выкарыстання, - тлумачыў прычыны такога новаўвядзення міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч.
У МЗС адзначаюць, што расейскія небіяметрычныя замежныя пашпарты не адпавядаюць рэкамендацыям Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО). У іх не інтэграваныя ўнікальныя дакладныя біяметрычныя звесткі (адбіткі пальцаў, малюнак твару), якія забяспечваюць ідэнтыфікацыю асобы, таму іх лягчэй падрабіць.
Да гэтага такія расейскія дакументы перасталі прызнаваць Данія, Чэхія, Эстонія, Францыя і Ісландыя.