NATO ў пяць разоў пашырыць СПА ў Еўропе
3- 3.06.2025, 18:56
- 2,454

Праз расейскую пагрозу.
NATO заклікала еўрапейскіх чальцоў альянсу ў пяць разоў павялічыць наземныя сілы супрацьпаветранай абароны (СПА) праз пагрозу расейскай агрэсіі, паведамляюць дасведчаныя крыніцы Bloomberg. Гаворка ідзе аб калектыўным паказчыку, індывідуальны ўклад будзе вагацца ў залежнасці ад магчымасцяў кожнай краіны. За які тэрмін плануецца нарасціць сілы СПА, не ўдакладняецца. Міністры абароны краін блока абмяркуюць гэтае пытанне на сустрэчы ў Брусэлі, якая пройдзе пад старшынствам Генеральнага сакратара NATO Марка Рутэ 5 чэрвеня.
«Мы не знаходзімся ў стане вайны, але міру таксама няма. Трэба працягваць умацоўваць нашае стрымліванне і абарону, а гэта азначае пераход да поўнай баявой гатоўнасці», — заявіў ён на сустрэчы ў Вільні ў панядзелак. СПА - слабае месца NATO. За апошнія 30 гадоў альянс скараціў колькасць такіх сістэм, бо яго асноўная ўвага пераключылася з халоднай вайны на пагрозы ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе, прызнаў высокапастаўлены еўрапейскі вайсковы чыноўнік. Паводле ягоных слоў, чальцы блока маюць вострую патрэбу ў нарошчванні наземных сістэм СПА, якія абароняць іх ад такіх пагроз, як беспілотнікі, ракеты і знішчальнікі. Гэта разглядаецца як неабходнасць ва ўмовах вайны ва Украіне і рызык узброенага нападу Расеі на ўсходні фланг NATO.
Сістэмы СПА з'яўляюцца аднымі з самых дарагіх узбраенняў, якія альянс мае намер закупіць. Нямеччына прапанавала ўзначаліць праекты Еўразвязу ў галіне супрацьпаветранай абароны, бо Брусэль заклікаў чальцоў блока супольна інвеставаць у галіны, якія маюць агульны інтарэс. Са слоў крыніцы, знаёмай з ходам абмеркаванняў у Бэрліне, канцлер Фрыдрых Мэрц мае намер «укласці мільярды еўраў» ў дадатковыя сістэмы СПА. У тым ліку гаворка ідзе аб пашырэнні ініцыятывы «Еўрапейскага нябеснага шчытп», запушчанай папярэднікам Мэрца, Олафам Шольцам. Праект, які падтрымліваецца NATO, накіраваны на стварэнне наземнай еўрапейскай сістэмы СПА, прызначанай для перахопу балістычных ракет. У адказ на запыт аб каментары прадстаўнік NATO заявіў, што супрацьпаветраная і супрацьракетная абарона, дальнабойная зброя, лагістыка і наземныя войскі «ўваходзяць у лік галоўных прыярытэтаў» альянсу.
Да саміту NATO ў Гаазе, які пройдзе 24-26 чэрвеня, хаўруснікі таксама збіраюцца дамовіцца аб найбуйнейшым з халоднай вайны павелічэнні абаронных выдаткаў. Цяпер рэкамендаваны парог выдаткаў складае 2% ВУП. Чальцы NATO плануюць павялічыць яго да 5% ВУП, з якіх 3,5% будуць накіроўвацца на вайсковыя патрэбы, а яшчэ 1,5% — на іншыя меры, звязаныя з гарантаваннем бяспекі, уключаючы ўмацаванне межаў і барацьбу з кіберпагрозамі.