Зяленскі змяніў камандзіра дэсантна-штурмавых войскаў УСУ
2- 3.06.2025, 21:57
- 7,664

Новым камандзірам ДШВ стаў Алег Апостал.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звольніў Ігара Скібюка з пасады камандзіра дэсантна-штурмавых войскаў УСУ. На ягонае месца прызначыў Алега Апостала.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на адпаведныя ўказы кіраўніка дзяржавы.
«Звольніць Скібюка Ігара Анатольевіча з пасады камандзіра дэсантна-штурмавых войскаў Узброеных Сіл Украіны», - гаворыцца ва ўказе №382.
Пры гэтым Прэзідэнт прызначыў Алега Апостала новым камандзірам ДШВ. Да гэтага ён быў намеснікам гетмана УСУ Аляксандра Сырскага.
«Прызначыць Апостала Алега Арэставіча камандзірам дэсантна-штурмавых войскаў Узброеных Сіл Украіны», - гаворыцца ва ўказе №385.
Што вядома пра Алега Апостала
У 2008 годзе Апостал скончыў Нацыянальную акадэмію наземных войскаў імя Гетмана Пятра Сагайдачнага па спецыяльнасці «баявое прымяненне і кіраванне дзеяннямі падраздзяленняў аэрамабільных войскаў».
З 2014 года ўдзельнік баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны. Разам з байцамі чатыры разы заходзіў у Мікалаеўку ў Данецкай вобласці і праводзіў штурмавыя дзеянні ўмацаваных раёнаў расейскіх акупантаў.
5 ліпеня 2014 года Апостал узнагароджаны ордэнам Багдана Хмяльніцкага III ступені за вызваленне Славянска і іншых населеных пунктаў.
У 2018 годзе быў камандзірам дэсантна-штурмавога батальёна 80-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады.
Пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання з'яўляецца ўдзельнікам абароны і вызвалення населеных пунктаў у Мікалаеўскай вобласці, падчас чаго было знішчана і захоплена шмат варожай тэхнікі. З канца 2022 года падраздзяленні пад кіраўніцтвам Апостала выконваюць паспяховыя абарончыя і штурмавыя дзеянні ў Данецкай, Харкаўскай і Луганскай абласцях.
У лютым 2024 года быў камандзірам 95-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады.
Са жніўня 2024 удзельнічае ў аперацыі сіл абароны Украіны на тэрыторыі Курскай вобласці.
29 лістапада 2024 года Апостала прызначылі намеснікам гетмана УСУ Аляксандра Сырскага.
У лютым 2025 года яму прысвоілі ранг брыгадны генерал.