«Цяпер заходжу ў крамы «Белвест» з цікаўнасці»
19- 30.06.2025, 13:51
- 19,612

У што ператварылася вядомая фабрыка.
Чытачка сайта Charter97.org адрэагавала на навіну аб значных запазычанасцях «Белвеста». Запазычанасць прадпрыемства большая за 33 мільёны рублёў:
- Як можа збанкрутаваць нямецка-беларускае прадпрыемства з удзелам вядомай нямецкай кампаніі Salamander?
»Белвест» у Беларусі - гэта амаль як легенда. Яшчэ да прыходу да ўлады Лукашэнкі прадпрыемства вырабляла 2 мільёны пар абутку. Памятаю, як у дзяцінстве і юнацтве было прэстыжна набыць якасны скураны абутак ад «Белвеста».
Але росквіт прадпрыемства быў нядоўгім - ужо праз два гады пасля таго, як да ўлады прыйшоў «моцны гаспадарнік», Salamander выйшаў з ліку заснавальнікаў, а «Белвест» ператварыўся ў беларуска-расейскую фабрыку.
Іх абутак я набывала сабе рэдка - для мяне, маладой спецыялісткі, ён быў занадта дарагім. Але сёе-тое мелася ў калекцыі. Насіўся ён доўга — і зараз ля ганка ў вёсцы стаяць мае чаравікі, якім ужо больш за 10 гадоў.
Ішоў час, а мадэлі «Белвеста» так і заставаліся на ўзроўні пачатку 90-х. Ды і якасць абутку пасля зусім пагоршылася. Цяпер, калі заходжу ў краму «Белвест», дык хутчэй з цікаўнасці. Бо кошт адной пары перавышае 200 рублёў. А гэта ўжо немалыя грошы!
І вось зараз — вялізныя запазычанасці, вымушаныя адпачынкі для работнікаў...Такія наступствы ўмяшання дзяржавы ў прыватнае прадпрыемства даводзіцца сарамліва ўтойваць. Але гэта самая папулярная схема ў дыктатара: спачатку адабраць фірму ва ўладальніка, перадаць сваім «спецыялістам», а там - як атрымаецца.